Logo Polskiego Radia
Print

Дыпляматы і беларускія палякі наведваюць польскія магілы ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.10.2018 13:22
  • польскія магілы.mp3
Міністар замежных спраў Я. Чапутовіч наведае ваенныя могілкі ў Дунілавічах, дзе пахаваныя жаўнеры вайны 1920 г.
Магіла невядомага жаўнера ў Малой БераставіцыМагіла невядомага жаўнера ў Малой Бераставіцыznadniemna.pl

Саюз палякаў у Беларусі сумесна з Генэральным консульствам Польшчы ў Горадні зладзіў паездку памяці на магілы жаўнераў, якія загінулі ў польска-бальшавіцкай вайне 1920 году.

Сёлета прыходзіцца 100-ая гадавіна абвяшчэньня незалежнасьці польскай дзяржавы пасьля 123 гадоў пад чужым панаваньнем. Нельга забываць, што сто гадоў таму Польшча была ў вялікай небясьпецы, хоць і стала фармальна незалежнай. Агрэсіўны Савецкі Саюз марыў пра «экспарт» рэвалюцыі ў іншыя краіны Эўропы, але на яго шляху стаяла маладая польская дзяржава, яшчэ вельмі слабая ў эканамічным пляне, але з вялікай воляй адстаяць сваю незалежнасьць.

У 1920 годзе пачалося рэвалюцыйнае шэсьце СССР на Захад, але здарыўся цуд – бальшавікі не прарваліся праз Віслу, ім прыйшлося адступіць. Дарэчы, той бітвай камандаваў між іншым сам таварыш Сталін, які пазьней вельмі жорстка адпомсьціў у Катыні палякам за свой сарамлівы пабег з-пад Варшавы. Гэтую бітву так часта і называюць у Польшчы – цуд на Вісьле. І вось памяць пра змагароў і герояў таго цуду кожны год ушаноўваюць беларускія палякі і польскія дыпляматы ў краіне. Перад Днём усіх сьвятых 1 лістапада і Днём памерлых 2 лістапада дыпляматы наведваюць польскія магілы ў Беларусі – распавядае амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

А. Міхальскі: Нашы дыпляматы як з амбасады, так і з консульстваў у Берасьці ды Горадні наведваюць у гэты час могілкі, каб запаліць сьвечкі. У Беларусі вельмі шмат магіл польскіх жаўнераў – як на цывільных, так і ваенных могілках. Мы стараемся наведаць усе або большасьць, дзеля гэтага дзелімся на групы і езьдзім у розныя месцы. Пры нагодзе сустракаемся з ксяндзамі, якія працуюць у мясцовых парафіях, ды палякамі, якія жывуць у гэтых мясьцінах. І гэта заўсёды сустрэчы, якія нас узрушваюць.

Старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс кажа, што памяць пра сваіх герояў вельмі важная для кожнага народа.

А. Борыс: Ад таго, на колькі мы шануем месцы памяці, залежыць наша будучыня. Калі мы паважаем мінулае, то нас, як польскі народ, таксама будуць паважаць. Сёньня Саюз палякаў наладзіў наведваньне месцаў памяці – магіл палякаў, якія загінулі ў польска-бальшавіцкай вайне. Асаблівая нагода – стагодзьдзе незалежнасьці Польшчы. Напярэдадні Дня памерлых мы згадваем тых, хто аддаў за сваю Айчыну самае важнае, што ў яго было – сваё жыцьцё. Яны загаліся за тое, каб Польшча была свабоднай і незалежнай. Сёньня мы ўшануем іх памяць, запалім сьвецкі, памолімся. З намі езьдзяць таксама вучні польскай школы імя Стэфана Баторыя. Гэта важна – перадаваць памяць маладому пакаленьню.

Сёньня пачынаецца двухдзённы візыт у Беларусь міністра замежных спраў Польшчы Яцэка Чапутовіча. У рамках падрыхтоўкі да Мюнхенскай канфэрэнцыі польскі дыплямат бярэ ўдзел у пасяджэньні асноўнай групы канфэрэнцыі, удзельнікі якой абмяркуюць сытуацыю ў рэгіёне, пытаньні бясьпекі і зьвязаныя з гэтым задачы. Сустрэнецца таксама з міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Візыт міністра Яцэка Чапутовіча ў Беларусь зьяўляецца, канешне ж, нагодай для абмеркаваньня двухбаковых польска-беларускіх адносінаў. А паколькі дата візыту супадае з Днём усіх сьвятах 1 лістапада, то Яцэк Чапутовіч таксама намераны ўшанаваць памяць палякаў, якія загінулі на беларускай зямлі, змагаючыся за незалежнасьць Айчыны, наведваючы Кальварыйскія могілкі ў Менску ды польскія магілы на іншых могілках. Гаворыць амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

А. Міхальскі: 1 лістапада, у Дзень усіх сьвятых, мы наведаем ваенныя могілкі ў Дунілавічах. Там пахаваныя жаўнеры, якія змагаліся ў вайне з бальшавікамі ў 1920 годзе.

Амбасадар адзначыў, што гэтыя могілкі, таксама, як некалькіх іншых у Беларусі, былі апошнім часам адрэстаўраваныя дзякуючы падтрымцы польскага Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны.

У. Пац/нг

/
/

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт