Logo Polskiego Radia
Print

Летува хоча дапытаць Гарбачова па справе штурму тэлецэнтра ў Вільні

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.10.2016 14:37
Улады Летувы й раней спрабавалі безвынікова дапытаць па гэтай справе былога прэзыдэнта СССР.
Экс-прэзыдэнт СССР Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў Экс-прэзыдэнт СССР Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў www.youtube.com

Віленскі акруговы суд, які разглядае справу аб трагічных падзеях 13 студзеня 1991 году ў Вільні, прыняў рашэньне дапытаць у якасьці сьведкі былога прэзыдэнта Савецкага Саюза Міхаіла Гарбачова.

Гэтую інфармацыю пацьвердзіў Робэртас Павілайціс - сын загінулага падчас студзеньскіх падзей Апалінараса Павілайціса.

Улады Летувы раней неаднаразова спрабавалі дапытаць па гэтай справе Міхаіла Гарбачова, аднак расейскі бок кожны раз адмаўляў. Так, у студзені 2016 году Генпракуратура Летувы паведамляла, што Масква адмовілася выконваць просьбу летувіскіх пракурораў на конт допыту былога прэзыдэнта.

Галоўны пракурор Дэпартамэнта крымінальнага перасьледу Генпракуратуры Летувы Сімонас Слапшынскас на прэс-канфэрэнцыі ў студзені гэтага году сказаў, што ў справе недастаткова дадзеных, якія дазволілі б прызнаць прэзыдэнта СССР падазраваным. „Па гэтай прычыне яго й прасілі дапытаць у якасьці сьведкі”, - сказаў прадстаўнік Генпракуратуры Летувы.

Ён адзначыў, што Расея да гэтага часу адмоўна адказвала на ўсе звароты Летувы аб прававой дапамозе, у якіх утрымліваліся просьбы дапытаць падазраваных у справе аб падзеях дваццацігадовай даўніны.

Пры спробе штурму савецкімі вайскоўцамі 13 студзеня 1991 году тэлецэнтра ў Вільні загінулі 14 чалавек, 31 атрымаў цяжкія раненьні, больш за 1000 чалавек атрымалі раненьні іншых ступеняў цяжкасьці.

31 жніўня 2015 году Генэральная пракуратура Летувы перадала ў суд справу аб падзеях у Вільні 13 студзеня 1991 году. Усяго ў дадзенай справе 65 абвінавачаных пражываюць за мяжой.

interfax.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт