Мужчыны ўсё-такі ня вымруць
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
23.02.2012 13:41
Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, генэтычна мужчыны зусім не асуджаны на гібель – сьцьвярджаюць навукоўцы.
Новыя надзеі на даўжэйшае жыцьцё мужчын як пола даюць вынікі дасьледаваньняў, апублікаваныя ў навуковым штотыднёвіку "Nature".
Навукоўцы дасьледавалі храмасомы, якія адказваюць за пол – X і Y. Як вядома, жанчыны маюць два Х, а мужчыны – X і Y. І гэта менавіта Y адказвае за тое, ці ў чалавека будуць разьвівацца мужчынскія рысы, у тым ліку вырабляцца ў арганізьме тэстастэрон. Да гэтай пары дасьледаваньні паказвалі, што на працягу некалькіх апошніх мільёнаў гадоў «якасьць» гену Y пачала ісьці на спад.
“Гэтая храмасома згубіла гены, згубіла кавалкі ДНК і ўвогуле пачала рассыпацца”- кажа аўтар новых дасьледваньняў Джэніфэр Хагіс (Jennifer Hughes) з Амэрыканскага інстытута мэдыцынскіх дасьледаваньняў «Whitehead". У сувязі з гэтым некаторыя навукоўцы лічылі, што мужчынскі ген зьнікне, і разам зь ім мужчыны праз 5 мільёнаў ці нават ужо праз 100 тысяч гадоў. Хагіс, якая дасьледавала ген Y у макакаў-рэзусаў, гаворыць аднак, што за апошні час працэс зьнішчэньня гэтай храмасомы значна запаволіўся, ці амаль спыніўся. “І таму я мяркую, што храмасома Y застанецца з намі яшчэ надоўга”, – кажа Хагіс і раіць, каб мужчыны, якія пачалі ўжо пісаць завяшчаньні, уздыхнулі з палёгкай.
яс