Logo Polskiego Radia
Print

У Вярхоўным судзе Польшчы судзілі казачнага Ваўка

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.12.2018 14:42
Яго судзілі вопытныя судзьдзі, вінавацілі сапраўдныя пракуроры, а баранілі вядомыя адвакаты.
www.pixabay.com

Казку аб Чырвоным каптурку ведаюць усе. У Варшаве вырашылі яе працягнуць. У Вярхоўным судзе Польшчы ўчора адбылася сымуляцыя судовага працэсу – што магло б здарыцца, калі б Ваўка аддалі пад суд. За працэсам назіралі дзеці з трох сталічных школ – паведамляе «Gazeta Wyborcza».

Пракурор на поўным сур’ёзе зачытаў абвінавачаньне Ваўку, якога прызналі вінаватым у мэтанакіраваным дзеяньні з мэтаю пазбаўленьня жыцьця Бабулі. Зьвер атрымаў пакараньне – 10 гадоў абмежаваньня волі, забарону пакідаць межы лесу і набліжацца да Бабулі і Чырвонага каптурка. Воўк абавязаны ўвесь час насіць электронны ашыйнік, а таксама 40 гадзін у месяц працаваць на прыборцы лесу.

Ваўка судзілі вопытныя судзьдзі, вінавацілі сапраўдныя пракуроры, а баранілі вядомыя ў Варшаве адвакаты. Казачныя ролі сыгралі прафэсійныя акторы.

На думку Пятра Зэльта, які сыграў Паляўнічага, у народзе вельмі мала разуменьня, наколькі важны суд, яго незалежнасьць і самастойнасьць. З-за гэтага людзьмі лёгка маніпуляваць. Таму вельмі важна тлумачыць малым гледачам ролю судоў у жыцьці грамадзтва. «Некаторыя агулам не разумеюць ідэі справядлівасьці. Ідзецца не пра тое, каб адпомсьціць, а пра тое, каб даказаць віну і зрабіць высновы. Гэта мы хацелі паказаць на падставе казкі, якую ўсе ведаюць», – дадае рэжысёр працэсу Міхал Задара.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт