Logo Polskiego Radia
Print

Польскія навукоўцы распрацоўваюць мэтады дыягностыкі рака

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.12.2017 17:32
Вучоныя стварылі мікразонд, які дасьледуе ўтрыманьне анкамаркэраў.
Pixabay.com/Basker Dhandapani/CC0 Creative Commons

Распрацоўшчыкі новай тэхналёгіі дыягностыкі рака грудзей атрымалі грант – 3 млн. злотых. Гаворка ідзе пра навукоўцаў з люблінскай кампаніі SDS Optic. Яны ацэньваюць, што новы мэтад можа зьменшыць сьмяротнасьць ад дадзенай анкалёгіі нават на 30%, – чытаем у выданьні «Puls Biznesu». Вучоныя стварылі мікразонд, які дасьледуе ўтрыманьне анкамаркэраў без неабходнасьці браць узоры тканкі. Вынік аналізу гатовы за прыкладна 20 хвілін. Цяпер дыягностыка рака грудзей займае шмат часу. Гэта складаныя і балючыя абсьледаваньні. Выкарыстаньне мікразонду дазволіць іх правесьці хутка і амаль безбалюча, – кажа старшыня SDS Optic Марцін Станішэўскі (Marcin Staniszewski).

Тэхналёгіямі, якія дазволяць спрасьціць дыягностыку рака грудзей, цікавяцца таксама іншыя польскія фірмы. Напрыклад, кампанія Брастэр прапануе сыстэму для самастойнага абсьледаваньня грудзей. Сыстэма атрымала пазытыўны водгук Польскай асацыяцыі гінэколягаў і акушэраў, якая рэкамэндуе яе ў спалучэньні з мамаграфіяй ці ўльтрагукавой дыягностыкай. Нядаўна кампанія заключыла дамову, якая дазволіць пачаць пілятажны праект з выкарыстаньнем прылады ў некалькіх клініках Вялікабрытаніі.

Puls Biznesu/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт