Logo Polskiego Radia
Print

Google Glass дапамогуць сьляпым y горадзе

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 22.06.2015 05:55
Асыстэнтам для сьляпога або слаба відучага карыстальніка можа быць блізкі сваяк, валанцёр або супрацоўнік Aira.

foto:
foto: www.techradar.com


Амэрыканскі стартап Aira распрацаваў сэрвіс, які дапамагае сьляпым і людзям са слабым зрокам перамяшчацца па горадзе з дапамогай аўдыёпадказак спэцыяльна абвучаных асыстэнтаў. Праца сэрвісу прадугледжвае выкарыстаньне акуляраў дапоўненай рэальнасьці Google Glass, паведамляецца на сайце кампаніі.

Сэрвіс пакуль што знаходзіцца на этапе бэта-тэставаньня і стане даступным карыстальнікам ў першым квартале 2016 году. Для таго, каб падключыцца да абслугоўваньня Aira, неабавязкова быць уладальнікам уласнай пары разумных акуляраў: іх выкарыстаньне ўваходзіць у кошт штомесячнай падпіскі. Тарыфы на абслугоўваньне пакуль не называюцца.

Надзеўшы акуляры, карыстальнік тройчы дакранаецца да сэнсару на дужцы, запускаючы працу сэрвісу. У момант сувязі асыстэнту даступнае ня толькі відэа з акуляраў, але і абнаўляецца ў рэжыме рэальнага часу інфармацыя аб яго месцазнаходжаньні, дарожным руху ў гэтым раёне, месцах, якія могуць быць неабходныя карыстачу на падставе яго пераваг. Сыстэма зьбірае і захоўвае дэталёвую інфармацыю пра карыстальнікаў: гісторыю хваробы, кантакты давераных асоб у экстранай сытуацыі, а таксама іх сымпатыі: любімыя кафэ, наведвальныя месцы, хобі і звычкі.

Асыстэнтам для сьляпога або слаба відучага карыстальніка можа быць блізкі сваяк, валанцёр або супрацоўнік Aira. Кантроль за ўзроўнем іх падрыхтоўкі бярэ на сябе сам стартап. Паводле ўмоваў кантракту, памочнікам для сьляпога або слаба відучага чалавека можа быць толькі той, з кім карыстальнік знаёмы і чыім інструкцыям давярае.

Стваральнікі сэрвісу не ўдакладняюць, ці зьяўляецца Google Glass адзінай прыладай, зь якой сумяшчальна ПА Aira. На рынку прадстаўлена адразу некалькі мадэляў акуляраў дапоўненай рэальнасьці. У траўні сваю распрацоўку прадставіў Microsoft, а крыху раней - BMW і Sony. Актыўна разьвіваюцца праекты на аснове Oculus Rift.

эб/lenta.ru



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт