Ірляндыя паварочваецца сьпінай да Касьцёла
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
06.06.2015 14:22
Ці такое можа адбыцца таксама ў іншых краінах?
Чаму адна з самых каталіцкіх краін Эўропы стала піянэрам культурніцкай рэвалюцыі пад вясёлкавым сьцягам? Ці такое можа адбыцца таксама ў іншых краінах, задае пытаньне тыднёвік „Polityka”.
Яшчэ паўстагодзьдзя таму Ірляндыя была краінай каталіцкага народу. Сёньня яна зьяўляецца лідарам грамадзкіх зьменаў. Гаворка ідзе пра рэфэрэндум па легалізацыі аднаполых шлюбаў. У канцы 70-х і 80-х гадоў у Ірляндыі Касьцёл і каталіцкая вера займалі ў грамадзтве й дзяржаве ня менш важнае месца чым, напрыклад, у Польшчы.
У Ірляндыі дзейнічаў стэрэатып ірляндца–каталіка. Каталіцызм быў асновай ідэнтычнасьці, нацыянальнай, маральнай і культурнай спадчынай краіны. Касьцёл арганізаваў і кіраваў жыцьцём асобных вернікаў і суполак у вёсках й гарадах. Прыналежнасьць да Касьцёла й паслухмянасьць былі часткай культуры, а яго выключнае становішча не выклікала пратэстаў у грамадзтве. Гэта менавіта каталіцызм адрозьніваў ірляндцаў ад брытанцаў ці шатляндцаў.
Аднак цяпер каталіцкая Ірляндыя ў традыцыйным сэнсе зьмяншаецца. Дастаткова зірнуць на вынікі рэфэрэндуму. На 43 выбарчыя акругі толькі ў адной перамаглі праціўнікі аднаполых шлюбаў. За іх легалізацыю выказаліся 62% удзельнікаў галасаваньня, а выбарчая яўка склала больш за 60%.
Паводле камэнтатараў, Ірляндыя ішла да гэтага гістарычнага рашэньня па руінах маральнага аўтарытэта ірляндзкага Касьцёла. Хоць, паводле адмыслоўцаў, гэта не адзіная прычына таго, што большасьць удзельнікаў рэфэрэндуму выказалася за легалізацыю аднаполых шлюбаў, тым ня менш, яна вельмі важная. Маўчаньне ірляндзкага Касьцёла адносна сэксуальнага й пэдафільскага скандалаў у яго шэрагах стала для ірляндцаў зваротным пунктам.
Цікава, што ў выніку шмат вернікаў пакінула Касьцёл, але адначасова не адракліся ад сваёй веры.
Хоць за падзеньне аўтарытэту адказвае сам Касьцёл, то шырэйшым фонам грамадзкай рэвалюцыі ў Ірляндыі зьяўляюцца таксама хуткія цывілізацыйныя зьмены, у тым ліку ўрбанізацыя, масавая культура й свабодны рынак, канстатуе выданьне „Polityka”.
аз