Logo Polskiego Radia
Print

Дзень народзінаў беларускага боксу

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 07.10.2014 16:40
Дзень народзінаў беларускага боксу адзначылі бітвай зь італьянцамі.
Facebook


У Беларусі адзначылі дзень народзінаў нацыянальнага боксу. 85 гадоў таму афіцыйна пачалі праводзіць двубоі па гэтым мужным відзе спорту. У краіне згадавалі двухразовага чэмпіёна СССР Анатоля Беразюка, чэмпіёна сьвету сярод прафэсіяналаў Сяргея Ляховіча, прызёра Алімпіяды Віктара Зуева. А сёньня на авансцэну выходзіць зусім новая генэрацыя байцоў.

2 кастрычніка на арэне сталічнага цырку з нагоды круглай даты правялі матчавую сустрэчу «Беларусь - Італія». У беларускай камандзе прысутнічалі ўсе першыя нумары. Натуральна, выступаў і Сяргей Карнееў — зорка зборнай у вазе 91 кг, які быў мацнейшы за Нікола Барсоці. Што да ўсяго матчу, то беларусы перамаглі зь лікам 7:3.

Беларускія баксёры ўсё часьцей ствараюць інфармацыйныя нагоды. У мінулым сэзоне той жа Карнееў пераканаўча выступаў у складзе каманды «Ўкраінскія атаманы» і быў мацнейшы за двухразовага чэмпіёна сьвету і двухразовага прызёра Алімпіяды Клементэ Руса.

Гэтым летам героі праекту «Байцоўскі ген» Сяргей Хаміцкі і Аляксандар Усьцінаў трапілі ў эпіцэнтар сусьветных скандалаў. Аднаго зьнялі з бою праз адматаны пластыр, а ад другога супернік проста ўцёк у дзень выступленьня. Справіцца зь беларусамі пры дапамозе сумленных спартовых мэтадаў зорныя апанэнты не змаглі.

«Пасьля Алімпіяды ў Атэнах 2004 года бокс у краіне выйшаў на так званае плато — усё ішло роўна, проста, але, на жаль, не было росту, — апісвае сытуацыю Дзяніс Сабалеўскі, выканаўчы дырэктар Беларускай фэдэрацыі боксу. — Але менавіта цяпер, у апошнія два гады, здарыўся пад’ём. У наступным годзе будзе праходзіць алімпійская кваліфікацыя, і мы плянуем атрымаць як мінімум чатыры алімпійскія ліцэнзіі».

У прыватнасьці, стаўкі робяцца на Міхаіла Даўгаляўца (75 кг), Вазгена Сафар’янца (60 кг) і, зразумела, Сяргея Карнеева, які стане героем наступнага выпуску «Байцоўскага гену».

«Байцоўскі ген» — праект кампаніі «Будзьма беларусамі!», мэта якога — пазнаёміць грамадзтва з выбітнымі спартоўцамі! Часта іх лепш ведаюць за мяжой, чым дома. А беларускія героі зазвычай маюць унікальныя лёсы, вартыя ўвасабленьня ў фільмах, кнігах, песьнях ды прымаўках. Яны — носьбіты беларускага байцоўскага гену — гатовыя зацята біцца за гонар краіны і кожнага беларуса. Знаёмцеся бліжэй, ганарыцеся імі, заўзейце за нашых!

budzma.by/nn.by/эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт