Польскія архэолягі выявілі рымскія лазьні ў Грузіі
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
14.08.2014 18:38
У Гоніё, на поўдзень ад Батумі, каманда польскіх дасьледнікаў выявіла ванны, якія эксплюатаваліся рымскай арміяй.
У Гоніё, на поўдзень ад Батумі, каманда польскіх дасьледнікаў выявіла ванны, якія былі пабудаваныя і эксплюатаваліся рымскай арміяй каля 2000 гадоў таму. "Нас зьдзівіла і тое, наколькі даўно была пабудаваная знаходка, і таксама высокая якасьць яе выкананьня", - сказаў Польскаму прэс-агенцтву кіраўнік раскопак др Радаслаў Карасевіч-Шчыпёрскі.
Дасьледаваньні праводзяцца ўнутры старажытнага форта Апсарос, узьведзенага рымлянамі ў 2-й палове першага стагодзьдзя нашай эры. Побач з крэпасьцю праходзіла адзіная зручная дарога з Калхіды (Заходняя Грузія) да рымскай правінцыі ў Малой Азіі.
"Пераважна, тэрмальныя ванны, якія будаваліся для вайскоўцаў, не вылучаліся хараством. Таму зьдзівіла нас адкрыцьцё мазаікі, якая ўпрыгожвае падлогу. Мы таксама адкрылі большую частку басэйну з прахалоднай вадой - гэтак званы фрыгідарый,"- распавёў др Карасевіч-Шчыпёрскі.
Чарговым сюрпрызам для архэолягаў стаў узрост знаходкі. Дасьледнікі чакалі, што знойдуць пабудовы ІІ-ІІІ стагодзьдзя нашай эры. Між тым, знойдзеныя ванны амаль напэўна паходзяць з другой паловы першага стагодзьдзя нашай эры. Дзякуючы ім можна паглыбіць веды пра раньнюю прысутнасьць рымлян у вобласьці. Будоўля была ўзведзеная, верагодна, у часы ўладараньня імпэратара Вэспазіяна.
Раскопкі ў Гоніё праводзяцца камандай дасьледнікаў зь Інстытуту архэалёгіі і Цэнтру архэалёгіі Міжземнамор'я Варшаўскага ўнівэрсытэту пры супрацы з архэолягамі мясцовага музэю.
Гэта першы сэзон працы, якая будзе працягвацца бліжэйшыя два гады. "Мы плянуем раскрыць усю плошчу лазьні. Захаваныя элемэнты тэрмаў пройдуць кансэрватарскую апрацоўку, будуць пакрытыя дахам. Пасьля гэтага яны могуць стаць архітэктурнай славутасьцю ваколіц Батумі", — падсумаваў кіраўнік раскопак др Радаслаў Карасевіч-Шчыпёрскі.
эб