Logo Polskiego Radia
Print

Астраномы знайшлі ў космасе «Мэгазямлю»

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 04.06.2014 22:31
Міжнародная каманда дасьледнікаў выявіла незвычайную плянэту, якая ў 17 разоў цяжэйшая за Зямлю.


Міжнародная каманда дасьледнікаў са Швэйцарыі, ЗША, Італіі і Вялікабрытаніі выявіла незвычайную цьвёрдую плянэту, якая ў 17 разоў цяжэйшая за Зямлю. Паведамленьне пра адкрыцьцё навукоўцаў апублікаванае на сайце Гарвард-Сьмітсанаўскага цэнтру астрафізыкі ў ЗША, дзе пазначана, што плянэту адкрылі з дапамогай зонду «Кеплер» НАСА, а дасьледавалі яе структуру сіламі абсэрваторыі SuperWASP, разьмешчанай на Канарскіх выспаx.

Цьвёрдая плянэта Кеплер-10с, якая ўтрымлівае крэмній, жалеза і іншыя цьвёрдыя пароды, знаходзіцца ў адлегласьці каля 560 сьветлавых гадоў ад Зямлі ў сузор'і Дракона; дыямэтр аб’екту большы чым зямны ў 2,3 разы і складае 29 тысяч кілямэтраў. Пэрыяд звароту плянэты вакол сваёй зоркі роўны 45 зямным суткам. Плянэтная сыстэма ў сузор’і Дракона, акрамя Кеплер -10с, уключае ў сябе плянэту Кеплер-10b, якая ў тры разы масыўнейшая за Зямлю і мае пэрыяд звароту вакол той жа зоркі каля 20 гадзін. У адрозьненьне ад цьвёрдага Кеплера-10с, Кеплер-10b, як мяркуецца, складаецца з вадкага жалеза.

Астрафізікі ацэньваюць ўзрост плянэты Кеплер-10с прыкладна ў 11 мільярдаў гадоў. Плянэта зьяўляецца старой, асабліва ў параўнаньні зь Зямлёй, узрост якой ацэньваецца ў 4,5 мільярда гадоў. Для ўтварэньня такіх аб’ектаў неабходныя цяжкія элемэнты. Шчыльнасьць плянэты сьведчыць аб тым, што яна павінна быць цьвёрдай. Спэцыялісты не выключаюць, што на Кеплер-10с прысутнічае атмасфэра.

Адкрыцьцё навукоўцаў паказвае, што цьвёрдыя экзаплянэты маглі пачаць фармавацца яшчэ на раньняй стадыі Сусьвету. Раней лічылася, што такія аб’екты не маглі існаваць у той час: гравітацыйнае прыцягненьне прыцягвае велізарныя масы лёгкіх гелія і вадароду, якія ў лішку прысутнічалі ў маладым Сусьвеце, і зь іх ўтвараюцца плянэты, падобныя на сучасныя газавыя гіганты накшталт Юпітэра і Нептуна. Пытаньне аб мэханізмах утварэньня цьвёрдых плянэт застаецца адкрытым.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт