Чаму сьціраюцца дзіцячыя ўспаміны?
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
26.05.2014 05:12
Навукоўцы прыйшлі да высновы, што вінаватыя ў гэтым новыя нэйроны.
Новыя нэйроны, якія паляпшаюць здольнасьць да навучаньня і запамінаньня новай інфармацыі ў будучыні, паралельна сьціраюць інфармацыю аб мінулым, лічаць навукоўцы.
Навукоўцы знайшлі верагодную прычыну, чаму большасьць дарослых не памятае, што адбывалася зь імі ў першыя тры гады з моманту нараджэньня. Была пастаўленая гіпотэза, што старыя ўспаміны сьціраюцца ў працэсе нараджэньня новых клетак мозгу - нэйрагенэзу, піша The Washington Post.
„Лічылася, што зьяўленьне дадатковых нэйронаў спрыяе толькі фармаваньню новых успамінаў. Аднак нараджэньне новых клетак таксама сьцірае з памяці старыя падзеі”, - сказаў нэйрабіёляг і адзін з аўтараў дасьледаваньня з Таронта Пол Франклянд.
Найбольш актыўны пэрыяд нэйрагенэзу прыходзіцца на дзяцінства, затым хуткасьць ўзнаўленьня нэйронаў зьніжаецца. Тое ж самае адбываецца і ў грызуноў, таму для пацьверджаньня сваёй тэорыі навукоўцы правялі экспэрымэнт на мышах.
Групу дарослых мышэй і 17-дзённых асобін зьмясьцілі ў клетку, праз падлогу якой правялі слабы ток. Старэйшыя мышы, патрапіўшы ў тую ж клетку праз 4 тыдні, пачыналі панікаваць, бо ім прыгадваўся балючы досьвед, а ў маладых асобін дрэнныя ўспаміны сьціраліся на працягу дня.
Затым навукоўцы высьветлілі, як нэйрагенэз уплывае на памяць. У шэрагу дарослых мышэй зноў выпрацавалі страх перад адной з клетак. Затым у адной з груп стымулявалі працэс нэйрагенэзу з дапамогай фізычнай актыўнасьці і лекавых прэпаратаў.
Паскораны нэйрагенэз дапамог мышам нашмат хутчэй забыць балючы досьвед. Пры ўзьдзеяньні лекаў, якія душаць рост новых нэйронаў, грызуны, наадварот, адчувалі страх перад клеткаю з токам даўжэй, чым кантрольная група.
Слабасьць памяці дзяцей Франклянд назіраў і на прыкладзе сваёй дачкі. Ва ўзросьце двух гадоў яна ня памятала аб паходзе ў заапарк ўжо праз два месяцы. Аналягічны вынік дало дасьледаваньне, праведзенае са 140 дзецьмі 4-7 гадовага ўзросту. Пры гэтым больш дарослыя дзеці (10-13 гадоў) даўжэй і лепш захоўвалі ўспаміны.
Такім чынам, нэйроны, якія паляпшаюць здольнасьць да навучаньня і запамінаньня новай інфармацыі ў будучыні, паралельна сьціраюць інфармацыю аб мінулым. Нягледзячы на некаторыя нязручнасьці, зьнішчэньне ўспамінаў зьяўляецца хутчэй плюсам, бо ахоўвае мозг ад перанасычэньня інфармацыяй.
эб