Logo Polskiego Radia
Print

У польскага студэнта свой астэроід!

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 30.01.2014 16:26
Астэроід быў названы ў гонар студэнта Ягелёнскага ўнівэрсытэту Міхала Кусяка.
pixabay.com

Міжнародны астранамічны зьвяз прысвоіў імя аднаму з астэроідаў, назваўшы яго Michalkusiak — у гонар студэнта астраноміі Ягелёнскага ўнівэрсытэту Міхала Кусяка.

Міжнародны астранамічны зьвяз высока ацаніў удзел Кусяка ў папулярызацыі астраноміі ў Польшчы, бо сярод дасягненьняў студэнта — 151 выяўленая камэта.

Астэроід, які да гэтага часу быў пазначаны нумарам (376574) 2013 PA16, упершыню быў заўважаны ў 2007 годзе Рафаэлем Фэрандам у адной з абсэрваторый Гішпаніі.

Міхал Кусяк нарадзіўся ў польскім горадзе Жывец. Цяпер ён зьяўляецца студэнтам факультэту фізыкі, астраноміі і прыкладной інфарматыкі. Як сам распавёў журналістам, цікавасьць да астраноміі ён пачаў праяўляць яшчэ ў дзяцінстве. Яго запал узмоцніў настаўнік геаграфіі ў сярэдняй школе і Сылескі плянэтарый. Камэтамі зацікавіўся ў 1996/1997 г.г. З таго часу ён хацеў стаць першаадкрывальнікам аб'ектаў у космасе.

Сваю першую камэту Кусяк выявіў у 2007 годзе, яму было тады 21 год. Цяпер на ягоным рахунку 151 выяўленая камэта.

"Астраномія, у прынцыпе, самая даступная галіна, у якой аматары могуць быць першаадкрывальнікамі, — кажа Міхал Кусяк. — Нават не абавязкова мець вялікі тэлескоп. У эпоху лёгкадаступнага інтэрнэту кожны можа прымаць удзел у грамадзкіх, адукацыйных, сацыяльных і навуковых праектах, нават датычных камэт і астэроідаў. Сёньня кожны можа паспрабаваць свае сілы", — зазначае Кусяк.

Малады навуковец лічыць, што бліжэйшымі гадамі у касьмічнай прасторы зьявіцца шмат новых польскіх імёнаў. У супрацы з астраномам-аматарам Міxалам Жалноўскім, які збудаваў у Італіі ўласную абсэрваторыю, Кусяк падаў зьвесткі пра адкрыцьцё 1100 раней невядомых аб'ектаў, частка зь якіх, як чакаюць дасьледнікі, будзе зацьверджаная Міжнародным астранамічным зьвязам у якасьці новага адкрыцьця.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт