Logo Polskiego Radia
Print

Галоўныя навуковыя дасягненьні года

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 02.01.2014 18:09
  • 00722bbe.mp3
Вакцыны ад раку ачолілі сьпіс галоўных навуковых дасягненьняў года паводле часопісу Science.


Імунатэрапія анкалягічных захворваньняў ачоліла рэйтынг найбольш значных навуковых дасягненьняў 2013 года, складзены часопісам Science. У топ-10 таксама ўвайшлі яшчэ сем адкрыцьцяў у галіне мэдыцыны, генэтыкі і біялёгіі.

Гэты год беспамылкова можна назваць годам імунатэрапіі раку зь яго грандыёзным і шматспадзеўным прарывам у гэтай галіне. Пакуль тэрапэўтычная стратэгія, зьвязаная з актывацыяй імуннага адказу арганізму на пухлінавыя клеткі, спрацавала толькі ў выпадку некаторых відаў раку і ў дачыненьні вузкага кола пацыентаў, таму ня варта чакаць хуткага шырокага яе прымяненьня ў клінічнай практыцы. Тым ня менш многія адмыслоўцы па анкалягічных захворваньняx перакананыя, што мы становімся сьведкамі нараджэньня прынцыпова новай парадыгмы тэрапіі раку.

Вытокі сёньняшняга посьпеху імунатэрапіі ракавых захворваньняў сыходзяць з 1980-x гадоў, калі францускія дасьледнікі адкрылі павярхоўны рэцэптар Т-клетак імуннай сістэмы CTLA-4, які тармозіць іх актыўнасьць у дачыненьні да чужародных агентаў. Пазьней, у сярэдзіне 1990-х гадоў, было даказанае на мышах, што блякаваньне CTLA-4 прыводзіць да разбурэньня пухлінавых клетак Т-клеткамі імуннай сыстэмы. Адпаведнае антыцела было распрацаванае напрыканцы 1990-х гадоў, а ў 2010 годзе былі апублікаваныя вынікі яго першых клінічных выпрабаваньняў, якія паказалі, што працягласьць жыцьця пацыентаў з мэтастазаванай мэляномай, якія атрымлівалі такую тэрапію, павялічылася ў сярэднім на 4 месяцы ў параўнаньні з тымі, каго лячылі інакш.

У пачатку 1990-х гадоў японскія дасьледнікі знайшлі яшчэ адзін малекулярны фактар, які тармозіць дзеяньне на Т-клеткі, PD-1. Клінічныя выпрабаваньні блякуючага PD-1 антыцела на 39 пацыентах зь пяцю рознымі відамі рака пачаліся ў 2006 годзе. Праз два гады ў пяці ўдзельнікаў пухліны значна зьменшыліся, а ўзровень выжывальнасьці ўдзельнікаў у цэлым быў нашмат вышэйшы, чым прагназавалася. У 2012 годзе сталі вядомыя вынікі выпрабаваньняў анты-PD-1-тэрапіі на амаль 300 пацыентах з рознымі відамі раку. Значнае зьмяншэньне аб’ёму пухлін было зафіксаванае ў 31 адсотка ўдзельнікаў з мэляномай, у 29 адсоткаў з ракам ныркі і ў 17 працэнтах выпадкаў раку лёгкіх.

На сёньняшні дзень мэтадамі тэрапіі раку на аснове антыцелаў зацікавіліся найбуйнейшыя фармакалягічныя кампаніі сьвету.

У 2010 годзе былі апублікаваныя вынікі пасьпяховых клінічных выпрабаваньняў яшчэ аднаго кірунку імунатэрапіі раку – гэтак званай CAR-тэрапіі (chimericantigen receptor therapy). Гэты мэтад пэрсаналізаванай тэрапіі мае на ўвазе накіраваную генэтычную мадыфікацыю Т-клетак пацыента, з тым, каб мішэнямі апошніх станавіліся выключна пухлінавыя клеткі. CAR-тэрапія знаходзіцца цяпер у цэнтры ўвагі шматлікіх клінічных выпрабаваньняў. Толькі ў сьнежні 2013 года дзьве групы дасьледнікаў зь Нью-Ёрку паведамілі, што дзякуючы ўжываньню CAR -тэрапіі атрымалася дамагчыся поўнай рэмісіі ў 45 з 75 пацыентаў зь лейкеміяй, хоць у некаторых зь іх пасьля назіралася абвастрэньне захворваньня.

Пакуль, на жаль, застаюцца нявысьветленымі мноства пытаньняў, зьвязаных зь імунатэрапіяй рака, якая застаецца ўсё яшчэ экспэрымэнтальным мэтадам лячэньня. Незразумела, чаму яна дапамагае ня ўсім пацыентам і не пры ўсіх відах пухлін. На дадзены момант навукоўцы занятыя пошукамі біямаркэраў, якія могуць дапамагчы адказаць на гэтыя пытаньні, а таксама шляхоў ўзмацненьня эфэктыўнасьці гэтага віду тэрапіі.

У топ-10 навуковых дасягненьняў 2013 таксама ўвайшлі:

- Тэхналёгія рэдагаваньня генаў CRISPR, заснаваная на бактэрыяльным бялку Cas9, з дапамогай якога бактэрыі абараняюцца ад вірусаў, «разразаючы» іх ДНК. У 2012 годзе навукоўцы змаглі выкарыстаць гэты бялок у якасьці скальпэля для «мікрахірургічных» апэрацый на генах. У 2013 годзе больш за дзясятак груп дасьледнікаў з усяго сьвету працавала з CRISPR, рэдагуючы спэцыфічныя гены ў мышэй, пацукоў, бактэрый, дрожджаў, нематод, дразафіл, расьлін, а таксама ў чалавечых клетках, з мэтай выяўленьня функцый генаў і магчымасьці прымяненьня іх для тэрапіі захворваньняў.

- Распрацоўка ключавога інгрэдыенту вакцыны ад рэсьпіраторнага сінцытыальнага вірусу (РСВ), які атакуе мільёны немаўлятаў ва ўсім сьвеце. У 2013 годзе навукоўцы здолелі вылучыць антыцелы, якія выпрацоўваюцца арганізмам у адказ на вірус, прааналізаваць іх структуру і стварыць сынтэтычны аналяг – імунаген, які стане асновай для вакцыны.

- Новая тэхніка атрыманьня выяваў структур галаўнога мозгу CLARITY, якая дазволіла пераадолець асноўную праблему існуючых мэтадаў – непразрыстасьць тканак з-за ліпідных малекул, якія расьсейваюць сьвятло ў клеткавых мэмбранах. Замена ліпідаў празрыстым гелем дазволіла зрабіць тканкі транспарэнтнымі, пакінуўшы бачнымі і даступнымі да вывучэньня нэрвовыя клеткі і іншыя структуры мазгоў.

- Значны прагрэс у галіне вырошчваньня ў лябараторных умовах чалавечых «міні-органаў» зь індукаваных плюрыпатэнтных камлёвых клетак – зачаткаў печані, нырак і нават рудымэнтарнага галаўнога мозгу, у якога аналягічныя тканкі і структуры, як у нармальнага мозгу чалавека. Гэтае адкрыцьцё ўжо дазволіла прадзьвінуцца наперад у разуменьні прычын мікрацэфаліі.

- Вылучэньне камлёвых клетак з клянаваных чалавечых эмбрыёнаў. Атрымаць такі вынік упершыню ўдалося дзякуючы зразуменьню ролі ў гэтым працэсе кафэіну, які грае стабілізуючую ролю ў дачыненьні да ключавой малекулы ў чалавечай яйкаклетцы.

- Прагучала першае навуковае тлумачэньне неабходнасьці стану сну для галаўнога мозгу. Як аказалася, сон грае ключавую ролю ў падтрыманьні мэтабалічнага гамэастазу – падчас сну тканкі мозгу самаачышчаюцца ад таксычных пабочных прадуктаў нэйральнай актыўнасьці, назапашаных падчас няспаньня.

- Выяўленьне вызначальнага ўплыву кішачнай мікрафлёры на практычна ўсе працэсы, якія адбываюцца ў арганізьме чалавека, уключаючы мазгавую дзейнасьць, і яе ролю ў разьвіцьці розных захворваньняў.

эб


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт