Усё бліжэй да штучнага інтэлекту
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
20.10.2013 18:25
Зробленыя першыя крокі да стварэньня штучнага інтэлекту.
Амэрыканскім нэйрафізіёлягам упершыню ўдалося вылучыць тыя ўчасткі мазгоў, якія нясуць адказнасьць за працу чалавечага ўяўленьня. Пасьля гэтага дасьледнікі склалі свайго роду мапу ўзаемасувязяў паміж структурнымі часткамі «цэнтру фантазій».
Група дасьледнікаў з Дармуцкага каледжа ў Гановэры (ЗША) на аснове праведзеных назіраньняў за актыўнасьцю нэйронаў склала мапу «цэнтру фантазій». Для ўдзелу ў экспэрымэньце было адабрана 15 дабраахвотнікаў. Назіраньне за паддосьледнымі вялося пры дапамозе функцыянальнага тамографа. Менавіта дзякуючы гэтаму абсталяваньню дасьледнікі змаглі дэталёва вывучыць актыўнасьць нэйронаў.
У працэсе экспэрымэнту дабраахвотнікам было прапанавана прадставіць сабе любую трохмерную складовую фігуру. Празь некалькі хвілін ад паддосьледных патрабавалася ўскладніць заданьне. Яны павінны былі ўяўную фігуру «разабраць» на часткі. Гэта, у сваю чаргу, дало магчымасьць вызначыць актыўныя часткі мазгоў, якія працавалі падчас вышэйзгаданага практыкаваньня.
Вынікі экспэрымэнту паказалі, што чалавечы «цэнтар фантазіі» складаецца з 12 асобных частак. Але самае цікавае, што ўсе гэтыя часткі знаходзяцца ў розных аддзелах мазгоў. Чатыры галоўныя зь іх разьмешчаны ў лобна-цемянной долі, а астатнія восем раскіданыя па іншых аддзелах мазгоў. Варта адзначыць, што некаторыя зь іх прысутнічаюць нават у мажжачку.
Аўтары экспэрыменту сьцьвярджаюць, што сыстэма характарызуецца пэўнай гнуткасьцю. Іншымі словамі, яна здольная даволі лёгка мяняць сваю канфігурацыю ў ходзе рашэньня разумовых задач.
Кіраўнік дасьледаваньня падкрэсьлівае, што падобныя экспэрымэнты дазваляюць больш дэталёва даведацца, як працуе чалавечы мозг. Больш за тое, дзякуючы праведзенай працы навукоўцы могуць рабіць высновы адносна рысаў, якія адрозьніваюць чалавека ад жывёл. Натуральна, што разуменьне мэханізму чалавечага мысьленьня дазволіць у будучыні стварыць машыны з штучным інтэлектам, якія будуць у стане думаць як чалавек.
сегодня.ua/эб