Logo Polskiego Radia
Print

Справіцца з залежнасьцю дапаможа "выдаленьне" ўспамінаў

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 16.09.2013 06:35
Успаміны, якія падахвочваюць чалавека зноў вярнуцца да наркотыкаў, можна будзе "выдаліць" з памяці з дапамогай адмысловага прэпарату.

Фота:
Фота: bionet.nsc.ru


Успаміны, якія выклікаюць асацыяцыі зь пераадоленай залежнасьцю і падахвочваюць чалавека зноў вярнуцца да наркотыкаў, можна будзе "выдаліць" з памяці з дапамогай адмысловага прэпарату, пішуць амэрыканскія навукоўцы ў артыкуле, апублікаваным у часопісе "Biological Psychiatry".

Раней навукоўцы ўжо прапанавалі розныя спосабы "перазапісу" памяці, аднак яны не кантралявалі асацыяцый, якія ўзьнікаюць, да прыкладу, калі наркаман бачыць цыгарэты, грошы, а нават жуйку, і нагадваюць час, праведзены "на ігле". Кортні Мілер (Courtney Miller) зь Інстытуту дасьледаваньняў імя Элен Скрыпс і яе калегі паставілі перад сабой задачу навучыцца цалкам "выдаляць" шкодныя ўспаміны.

Навукоўцы паспрабавалі "адключыць" непажаданыя асацыяцыі ў мазгах пацукоў і мышэй, якім да гэтага давалі мэтамфэтамін, суправаджаючы гэта яркімі візуальнымі, тактыльнымі і нюхальнымі сыгналамі. Каб вычысьціць памяць зьвяркоў, ім далі прэпарат-інгібітар, з дапамогай якога блякавалася фармаваньне доўгіх малекул-ланцужкоў бялку актыну, які, як мяркуецца, непасрэдна ўдзельнічае ў працэсе запамінаньня інфармацыі.

Досьледы паказалі, што зьвяркі адразу ж забывалі пра ўсё, што было зьвязана з наркотыкам. Празь некалькі дзён пасьля ўвядзеньня прэпарату яны не праяўлялі ніякай актыўнасьці, атрымліваючы сыгналы, на якія раней іх вучылі рэагаваць. Пры гэтым зьвяркі гэтак жа, як раней, выконвалі дзеяньні, да якіх іх заахвочвалі ежай. Такім чынам "бясьпечныя" ўспаміны, не зьвязаныя з наркотыкамі, у іх захоўваліся.

Навукоўцы пакуль ня могуць дакладна адказаць на пытаньне, чаму моцныя, здавалася б, наркатычныя ўспаміны аказаліся такімі падатнымі на выдаленьне, але спадзяюцца, што іх мэтад дапаможа тым, хто кідае курыць або змагаецца з посттраўматычным засмучэньнем.

РИА Новости/эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт