Logo Polskiego Radia
Print

Біямэтрычная асьпірантура

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 12.09.2013 16:14
Міжнародная асьпірантура для адмыслоўцаў у галіне біялягічнай статыстыкі адкрыецца ў Беластоку.

/


Міжнародная асьпірантура, якая будзе навучаць спэцыялістаў па інтэрпрэтацыі вынікаў мэдычных аналізаў, адчыніць свае дзьверы ў кастрычніку ў Мэдычным унівэрсытэце Беластоку. Будзе гэта першая такая навучальня ў краіне.

У Польшчы пакуль ня так шмат адмыслоўцаў у гэтай галіне. Дзякуючы новаму напрамку студэнты навучацца належным чынам аналізаваць дадзеныя, а апроч таго яны будуць прымаць непасрэдны ўдзел у працэсе навуковых і мэдычных дасьледаваньняў, дзякуючы чаму змогуць лепш іх пазнаць.

Партнэрамі Мэдычнага ўнівэрсытэту Беластоку ў гэтым праекце будуць навуковыя ўстановы з Бэльгіі ды Гішпаніі. Навучаньне ў асьпірантуры будзе працягвацца чатыры гады, а ў якасьці выкладчыкаў будуць запрошаныя вядучыя навуковыя супрацоўнікі, праца якіх здабыла прызнаньне ва ўсім сьвеце.

Студэнты будуць падзеленыя на дзьве групы: мэтадалягічнай і біямэдычнай спэцыяльнасьцяў. Першая група будзе засяроджвацца на біястатыстыцы і біяінфарматыцы. Заняткі гэтых асьпірантаў будуць адбывацца ў Польшчы і ў партнэра праекту -- установы з Бэльгіі. У сваю чаргу група біямэдыкаў зоймецца, у асноўным, малекулярнай біялёгіяй, геномікай ды імуналёгіяй, і іх заняткі будуць праходзіць у Беластоку.

Асьпіранты з самага пачатку будуць ўцягнутыя ў міждысцыплінарныя праекты. Яны будуць праводзіць дасьледаваньні сучасных хвароб, такіх як атлусьценьне, рак або хвароба Альцгеймэра. Гэта шрокамаштабныя досьледы, у выніку якіх будзе атрыманая вялікая колькасьць мэдычнай інфармацыі. Асьпіранты будуць комлексна аналізаваць, інтэрпрэтаваць гэтыя зьвесткі і рабіць высновы.

Беластоцкая навучальня падрыхтавала ў асьпірантуры 20 месцаў, а атрымала амаль 30 заяў жадаючых з Польшчы, Беларусі, Летувы і Фінляндыі. Патрабаваньні, аднак, ад будучых дактарантаў вельмі высокія, таму набор праводзіцца ў некалькі этапаў. Прынятыя будуць толькі самыя лепшыя студэнты.

Мэдычны ўнівэрсытэт Беластоку плянуе адкрыць біястатыстычны цэнтар, дзякуючы якому вынікі досьледаў можна будзе аналізаваць і інтэрпрэтаваць ва ўнівэрсытэце, а не адпраўляць іх за мяжу, як гэта было раней.

Праект суфінансуецца Эўрапейскім Зьвязам. Яго кошт складае 13,5 млн. злотых.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт