30 гадоў таму ў Польшчы прайшлі першыя канкурэнтныя выбары
PR dla Zagranicy
Eduard Zholud
04.06.2019 23:25
«Польшча ў той час выконвала важную ролю ў працэсе дэмантажу камуністычнага ладу ва ўсім сацлягеры. Польшча была«экспэрымэнтальным палеткам» трансфармацыі.
Перадвыбарчыя плякаты 1989 годаPAP/Tomasz Waszczuk
4 чэрвеня ў Польшчы адзначаецца 30-ая гадавіна так званых «чэрвеньскіх выбараў». Парлямэнцкія выбары ў Польшчы, якія праходзілі 4 і 18 чэрвеня 1989 года, мелі часткова дэмакратычны характар, яны адбываліся на канкурэтнай аснове.
У выніку дамоўленасьцей паміж камуністычнай уладай і апазыцыяй, дасягнутых у межах «Круглага стала», 299 месцаў у Сэйме ў любым выпадку павінны былі заняць прадстаўнік пакуль кіруючай Польскай Аб'яднанай Рабочай Партыі (аналяг савецкай Кампартыіі), а рэшта, то-бок 161 мандат маглі трапіць у рукі беспартыйных. У выпадку другой палаты польскага парлямэнту – Сэнату, наогул ня было зацьверджана ніякіх квот.
Прафэсара, беларускі гісторык з Падляшша Алег Латышонак сьцьвярджае, што камуністычная ўлада была ўпэўненая ў сваёй перамозе.
Алег Латышонак: Першыя ідэі трансфармацыі камуністычнай сыстэмы разглядаліся сярод кіраўніцтва ПАРП яшчэ ў 1960-ыя гады. Спачатку, калі адзін з маіх знаёмых гісторыкаў распавёў мне пра гэта, я не паварыў. Аднак з часам, я сам у архівах натрапіў на гэтыя дакумэнты. Аднак тагачасная геапалітычная й гаспадарчая сытуацыя не змагла вымусіць камуністаў пайсьці на радыкальныя крокі. Сытуацыя зьмянілася праз 20-гадоў. (...)
Польскае радыё: Спадар Прафэсар, у той час Польшча ўваходзіла ў сацыялістычны лягер, яе кіраўніцтва наўпрост падпарадкоўвалася Маскве. Чаму савецкія ўладары дазволілі пайсьці на такі крок.
Алег Латышонак: Сапраўды, Польшча ў гэтым сэнсе падпарадкоўвалася палітычнай волі Масквы. Трэба памятаць, што ў Савецкім Саюзе ў той час таксама праходзіла палітычная трансфармацыя – Перабудова. Адпаведна, Масква дала дабро на правядзеньне чэрвеньскіх часткова вольных парлямэнцкіх выбараў. Польшча ў той час выконвала важную ролю ў працэсе дэмантажу камуністычнага ладу ва ўсім сацлягеры. Польшча была «экспэрымэнтальным палеткам» трансфармацыі. Менавіта ў гэтым кантэксьце й варта разглядаць правядзеньне чэрвеньскіх выбараў 1989 года ў Польшчы. (...)
У выніку двух тураў выбраў, апазыцыйны блёк «Салідарнасьць» атрымаў амаль усе з магчымых мандатаў. Абсалютная перамога дэмакратычных сілаў на парлямэнцкіх выбарах 30-гадовай даўніны гарантавала непазьбежнасьць зьменаў пануючага на той час камуністычнага ладу.
эж