З панядзелку да чацьвяргу міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч знаходзіцца ў замежным падарожжы. Кіраўнік дыпляматычнай службы краіны прымае ўдзел ва ўрачыстасьцях, зьвязаных з гадавінай стварэньня NATO, а таксама ў пасяджэньні Рады бясьпекі ААН.
Гэта ўжо сёмы візыт міністра Яцэка Чапутовіча ў Нью-Ёрк з таго часу, калі ў мінулым годзе Польшча стала непастаянным сябрам Рады бясьпекі ААН. Прадстаўнік вышэйшых дзяржаўных уладаў краіны ўдзельнічаў між іншым у брыфінгу на тэму міжнароднага гуманітарнага права і нераспаўсюджаньня зброі масавага зьнішчэньня. У праграме візыту – сустрэча з намесьнікам генэральнага сакратара ААН па пытаньнях міратворчых місій Жанам-П’ерам Лакруа ды двухбаковыя перамовы.
Абмеркаваньне міжнародных пытаньняў у сядзібе ААН – гэта не адзіная мэта падарожжа Яцэка Чапутовіча за акіян. Ён таксама прымае ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, зьвязаных з 70-ай гадавінай заснаваньня Паўночна-атлянтычнага пакту. Перадае карэспандэнт Польскага радыё.
М. Валкускі: У Вашынгтоне міністар выступіць на дзьвюх канфэрэнцыях, прысьвечаных 70-годзьдзю NATO. У сустрэчы ўдзельнічаюць міністры замежных спраў Славаччыны, Румыніі, Летувы, Чэхіі, Эстоніі, Латвіі, а таксама кангрэсмэны. Галоўным пунктам прысутнасьці міністра замежных спраў Польшчы ў ЗША стане сустрэча кіраўнікоў дыпляматычных ведамстваў дзяржаў-сябраў NATO. Яна пройдзе ў чацьвер у дзярждэпартамэнце. Гаспадаром сустрэчы будзе кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі Майк Пампэа.
Падчас свайго выступленьня на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН Яцэк Чапутовіч казаў пра пагрозу з боку ядзернай зброі. Ён нагадаў прысутным, што галоўнымі элемэнтамі Дагавору аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі зьяўляецца разбраеньне і мірнае выкарыстаньне атамнай энэргіі.
Я. Чапутовіч: Без гэтага дагавору сытуацыя міжнароднай бясьпекі была б значна горшай. У сваім выступленьні я зьвяртаў увагу на некаторыя пагрозы. Па-першае, гэта Паўночная Карэя, па-другое, сытуацыя на Блізкім Усходзе. Нельга не згадаць таксама пра сытуацыю ў Эўропе, а дакладней, дзейнасьць Расеі і дагавор аб ракетах сярэдняга радыюсу дзеяньня. Расея парушае гэтую дамову.
Дагавор аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі – гэта базавы дакумэнт, які абавязвае бакі працягваць перамовы па пытаньні далейшага ядзернага раззбраеньня, – нагадаў Яцэк Чапутовіч. Яго меркаваньнем, існуе неабходнасьць узмацніць эфэктыўнасьць дагавору. Па словах польскага міністра, агульным інтарэсам усіх краін зьяўляецца стабілізацыя напружаньня і прадухіленьне далейшага распаўсюду ядзернай зброі на Блізкім Усходзе.
У сваю чаргу ўрачысты саміт NATO, зьвязаны з гадавінай стварэньня альянсу, пачынаецца ў сераду. На гэты дзень прызначаны банкет, на які міністраў замежных спраў краін NATO запрашае дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа. Шырэй на тэму – Марэк Валкускі.
М. Валкускі: Банкет адбудзецца ў Аўдыторыі Эндру Мэлана, месцы, дзе 4 красавіка 1949 году прадстаўнікі дванаццаці дзяржаў-заснавальніц NATO падпісалі паўночна-атлянтычны пакт. Кіраўнікі дыпляматыі 29 краін, якія ўваходзяць у склад NATO, змогуць убачыць гэты гістарычны дакумэнт. У сваю чаргу важнейшае пасяджэньне саміту пройдзе заўтра. Падчас першай сэсіі міністры намераныя разгледзець пытаньне пагрозаў з боку Расеі, другая будзе прысьвечаная сытуацыі ў Аўганістане. Падчас рабочага абеду міністры абмяркуюць пытаньне павышэньня выдаткаў на абароназдольнасьць дзяржаў-сябраў NATO. Перад сустрэчай міністраў замежных спраў Вашынгтон наведаў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. Сёньня кіраўнік альянсу выступіць у кангрэсе. Акрамя амэрыканскіх дэпутатаў, яго выступленьне праслухаюць міністры замежных спраў краін пакту, у тым ліку міністар Яцэк Чапутовіч.
Надоечы генэральны сакратар NATO сустрэўся таксама з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Трамп дзякаваў Столтэнбэргу за супрацоўніцтва і заявіў, што ён задаволены ростам выдаткаў краін альянсу на абароназдольнасьць.
Д. Трамп: Назіраецца вялізны прагрэс, дзякуючы якому NATO стаў значна больш магутным. Спадар сакратар, гэта вялікі гонар прымаць Вас у Белым доме.
Трамп заўважыў, што колькасьць дзяржаў NATO, якія выдаткоўваюць на абарону як мінімум 2% ВУП, вырасла да сямі. І дадаў: ён спадзяецца, што астатнія сябры альянсу неўзабаве дасягнуць гэты ўзровень. Енс Столтэнбэрг падзякаваў прэзыдэнту ЗША за прэсінг, які той аказвае на сяброўскія краіны, каб яны бралі на сябе большую адказнасьць за агульную абароназдольнасьць.
Е. Столтэнбэрг: Я дзякую за тое, што Вы прымаеце актыўны ўдзел у справах NATO і нашых сувязях з іншымі дзяржавамі, асабліва за тое, што Вы ўзялі на сябе абавязак клапаціцца пра падзел коштаў. Гэта для нас важна.
Міністры замежных спраў краін-сябраў NATO ўдзельнічаюць ва ўрачыстым саміце з нагоды 70-годзьдзя заснаваньня пакту. У ЗША адправіўся з візытам міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч.
ПР/нг