Logo Polskiego Radia
Print

Качыньскі выйграў працэс з Валэнсам, бо не магло быць інакш

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.12.2018 15:54
Суд сваім рашэньнем прыгадаў, што ёсьць мяжа, якую Валэнса перайшоў.
Паседжаньне суду ў ГданьскуПаседжаньне суду ў ГданьскуPAP/Adam Warżawa

Як мы ўжо паведамлялі, надоечы суд прыняў рашэньне, што былы прэзыдэнт Лех Валэнса павінен папрасіць прабачэньня ў старшыні партыі «Права і справядлівасьць» Яраслава Качыньскага. Газэты вяртаюцца да гэтай справы. «Rzeczpospolita» нагадвае, што на Фэйсбуку Валэнса зьвінаваціў Качыньскага, што ён адказвае за смаленскую катастрофу, бо сказаў свайму брату прэзыдэнту Леху Качыньскаму, каб той загадаў экіпажу самалёта прызямляцца ў тумане.

Яраслаў Качыньскі, выйграючы судовы працэс, паставіў мяжу, якую нападзеньні на яго пэрсону не павінны перасякаць. Суд вырашыў, што былы прэзыдэнт парушыў яго годнасьць і добрае імя і высунуў патрабаваньне папрасіць у яго прабачэньне. Камэнтатар выданьня піша, што ў палітычных дэбатах гучаць розныя словы, часам вельмі вострыя. Заўсёды паяўляецца пытаньне, ці палітыкі, якія самі нярэдка вельмі агрэсіўна выказваюцца пра іншых, павінны падаваць у суд на сваіх апанэнтаў. Ці яны не павінны быць больш устойлівымі на атакі, чым іншыя, беручы пад увагу тое, што палітыка – гэта «брудная справа»? Нікога не павінна зьдзіўляць, што палітык нясе палітычную ці маральную адказнасьць за нейкія падзеі. Аднак справа Валэнса – Качыньскі датычыць не спрэчкі за погляды ці ацэнкі, а адносіцца да канкрэтных фактаў. І менавіта з-за гэтага былы прэзыдэнт прайграў працэс.

Яраслаў Качыньскі – ня толькі палітык, але таксама чалавек. Калі хтосьці вінаваціць яго ў сьмерці дзясяткаў іншых людзей, то ён павінен пацьвердзіць сваю заяву доказамі. А іх не было. Так што Валэнса прайграў, бо не было іншай магчымасьці. Яго закіды не былі эмацыйным выказваньнем, а былі канкрэтным абвінавачаньнем. Суд сваім рашэньнем прыгадаў, што ёсьць мяжа, якую Валэнса перайшоў.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт