Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія ўлады праводзяць паказны працэс прафсаюзных дзеячаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.08.2018 14:48
У Беларусі вельмі рэпрэсіўныя законы, датычныя замежнай дапамогі для арганізацый трэцяга сэктару.
pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Выданьне „Rzeczpospolita” піша пра працэс старшыні Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча ды Ігара Комліка, адказнага за фінансы арганізацыі. Пракуратура вінаваціць іх у нявыплаце падаткаў ад замежнай дапамогі (між іншым ад прафсаюзаў з Даніі і Швэцыі). Дзеячы быццам бы атрымлівалі грошы ў летувіскім банку і прывозілі ў Беларусь.

Прафсаюзьнікі адхіляюць усе абвінавачаньні і кажуць, што працэс паказны, каб ліквідаваць адзін з апошніх у Беларусі незалежных прафсаюзаў. СМІ назвалі ўжо працэс «справай Алеся Бяляцкага-2». Нагадаем, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» пад такім жа абвінавачаньнем быў прыгавораны на 4,5 гады турмы, адсядзеў амаль тры. Галоўным доказам у яго справе была інфармацыя пра банкаўскія рахункі ў Польшчы ды Летуве, якую перадалі ўлады гэтых краін. Тады польскія ды летувіскія палітыкі тлумачылі, што здарылася памылка, яны ня ведалі, што гаворка ідзе пра вядомага апазыцыянэра.

Тады ўлады Беларусі адразу паведамілі, што атрымалі зьвесткі ад суседніх краін. Цяпер жа нічога невядома пра крыніцы інфармацыі з-за мяжы. Некалькі сьведкаў заявіла, што яны давалі паказаньні пад ціскам сьледчых, – адзначае юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч. Напрыклад, прэс-сакратар прафсаюзу Мікалай Герасіменка паведаміў, што яму на допыце пагражалі турмой, калі дасьць «няправільныя паказаньні». Галоўнай сьведкай застаецца сакратарка прафсаюзу Юлія Юхнавец, якая ў судзе заявіла, што зьяўляецца агенткай КДБ з 2015 году і атрымлівала за супрацу грошы.

Стэфановіч нагадвае, што ў Беларусі вельмі рэпрэсіўныя законы, датычныя замежнай дапамогі для арганізацый трэцяга сэктару. Грошы з-за мяжы павінны паступіць на рахунак арганізацыі, зьвязанай з Адміністрацыяй прэзыдэнта, а пазьней улады вырашаюць, ці такая дапамога сапраўды патрэбная.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт