Logo Polskiego Radia
Print

Расейскія выбары нельга назваць дэмакратычнымі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.03.2018 16:41
  • выбары ў Расеі.mp3
На думку віцэ-міністра замежных спраў Польшчы, ёсьць як мінімум дзьве прычыны.
PAP/EPA/ALEXEI NIKOLSKY / SPUTNIK / KREMLIN POOL

Нечаканасьцяў не было. На выбарах у Расеі перамог дзейсны прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, атрымаўшы больш за 76% галасоў. Гэта рэкордная ў ягонай палітычнай кар’еры падтрымка з боку выбарцаў. Пры гэтым яўка была невысокай, у некаторых гарадах на выбарчыя ўчасткі прыйшло менш за палову людзей з правам голасу.

У панядзелак расейскі прэзыдэнт пачынае свой чарговы, чацьвёрты тэрмін паўнамоцтваў, для якога характэрная нарастаючая канфрантацыя з краінамі Захаду, у тым ліку з Польшчай. Ніхто ня ведае, чаго можна спадзявацца ад Пуціна, які напярэдадні выбараў, у якіх ён быў адзіным сур’ёзным гульцом, давёў да новага вітка «халоднай вайны» з Захадам, калі была спроба атручэньня былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля ў Вялікабрытаніі.

Яшчэ не былі падлічаныя ўсе галасы, а за мяжой расейскія выбары ўжо назвалі фарсам. Назіралася нахабная фальсыфікацыя, нягледзячы на прысутнасьць відэакамэр. На думку віцэ-міністра замежных спраў Польшчы Пётра Ваўжыка (Piotr Wawrzyk), выбары нельга назваць дэмакратычнымі па як мінімум дзьвюх прычынах.

П. Ваўжык: Галоўны сапернік Пуціна Аляксей Навальны ня быў дапушчаны да ўдзелу ў выбарах. Гэта значыць, што на выбарах павінен быць адзін пераможца, і ён вядомы. Другая справа, якая выклікае шмат пытаньняў – гэта правядзеньне галасаваньня ў Крыме. Крым – гэта частка Ўкраіны, акупаваная Расейскай Фэдэрацыяй. Правядзеньне там выбараў зьяўляецца чарговым прыкладам парушэньня Расеяй міжнароднага права, таму што на акупаванай тэрыторыі нельга праводзіць галасаваньне.

Міністэрства замежных спраў паведаміла, што Польшча прызнае нелегальнымі выбары ў Крыме. МЗС нагадвае, што польская дзяржава выказвае рашучы супраціў адносна дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. Меркаваньнем віцэ-міністра Пётра Ваўжыка, дэмакратычныя краіны павінны салідарна і рашуча адказаць на агрэсіўныя крокі Расеі на захадзе ды ўсходзе Эўропы.

П. Ваўжык: Патрэбны вельмі рашучы адказ, які пакажа Расеі, што так рабіць нельга. Я маю на ўвазе тое, што здарылася з Сяргеем Скрыпалём ды ягонай дачкой. Адказ павінен быць зразумелы для Расеі. Заходнія краіны, як эўрапейскія, так і ЗША, павінны быць салідарныя. Нельга пакінуць Вялікабрытанію ў адзіноце. У бліжэйшыя дні адбудуцца перамовы, якім чынам адказаць на агрэсію Расеі.

Украінскі прэзыдэнт Пётр Парашэнка назваў расейскія выбары «палітычным фарсам» і востра крытыкаваў правядзеньне галасаваньня ў Крыме. «Гэта былі выбары без выбару, без сапраўднай палітычнай канкурэнцыі, без свабоды словы і роўных магчымасьцяў» – напісаў у заяве Парашэнка.

А вось беларускі лідар ужо пасьпеў павіншаваць Пуціна зь перамогаю і запрасіў наведаць Беларусь. Мы запыталі спэцыяліста, як могуць разьвівацца беларуска-расейскія дачыненьні цягам бліжэйшых шасьці гадоў, калі Расеяй будзе кіраваць Уладзімір Пуцін? Меркаваньнем палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, на адносіны вялікі ўплыў аказвае анэксія Крыму і вайна на Данбасе, і гэта ня зьменіцца.

А. Класкоўскі: Лукашэнка востра адчуў небясьпеку ад імпэрскай палітыкі Расеі, прымерваючы крымскі сцэнар на Беларусь. І таму пачаліся мяккая беларусізацыя, манэўры ў замежнай палітыцы, стаўка на міратворчасьць і г.д. З іншага боку залежнасьць ад Расеі застаецца вельмі моцнай, ад расейскіх рэсурсаў найперш. Лукашэнка будзе працягваць сваю рыторыку пра самых блізкіх хаўрусьнікаў, каб атрымліваць субсыдыі. Але Расея ня будзе выяўляць ранейшай шчодрасьці, дарэчы, калі ў 2012 годзе Пуцін шмат гаварыў пра эўразійскі праект, было відаць, што гэта для яго важна, то цяпер не казаў ні слова. Няма ў Расеі сродкаў на эўразійскую інтэграцыю. З аднаго боку гэта можа і нядрэнна для беларускай незалежнасьці, але з іншага боку Расея не сьпяшаецца ствараць адзіны рынак энэргарэсурсаў, будуць калізіі на гэтай глебе. Так што будуць жыць саюзьнікі як кот з сабакам, інтарэсы фармальных хаўрусьнікаў далёка разышліся.

Падсумоўваючы, трэба сказаць, што жорсткая канфрантацыя паміж заходнімі краінамі ды Расеяй пад кіраўніцтвам Пуціна нарастае. Беларусь спрабуе адмежавацца ад невыгоднага саюзьніка, але палітыкай апошніх двух з паловай дзясяткаў гадоў яна сама загнала сябе ў пастку, з якой цяжка вырвацца ў іншым напрамку, чым усходні.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт