Logo Polskiego Radia
Print

Украінскі "Нафтагаз" выйграў судовую справу з "Газпромам"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.03.2018 14:50
Расейскі канцэрн не паставіў прапісанай у кантракце колькасьці сыравіны для транзыту.
pixabay.com/Public Domain CC0

Украінскі дзяржаўны канцэрн "Нафтагаз" паведаміў, што арбітражны суд у Стакгольме выдаў прысуд на яго карысьць у спрэчцы з расейскім "Газпромам" за транзыт газу. "Нафтагазу" прысуджаная кампэнсацыя ў памеры 4,63 млрд. даляраў за тое, што "Газпром" не паставіў прапісанай у кантракце колькасьці сыравіны для транзыту. "Газпром" пакуль што не камэнтуе прысуду.

Справу апісвае сайт businessinsider.com.pl. Працэс цягнуўся год і датычыў перасылкі газу ў Эўропу праз тэрыторыю Ўкраіны. "Нафтагаз" патрабаваў кампэнсацыі ў памеры 15 млрд. даляраў.

У сярэдзіне 2014 году "Нафтагаз" падаў позву ў арбітражны суд у Стакгольме па пытаньні вызначэньня справядлівай цаны на газ, які пастаўляе Расея ва Ўкраіну. Тады "Газпром" падаў у адказ сваю позву супраць украінскага канцэрну. Гаворка ішла пра задоўжанасьць за пастаўленую сыравіну. Тады арбітражны суд выдаў вэрдыкт, што "Нафтагаз" павінен выплаціць каля 2 млрд даляраў задоўжанасьці. У выніку апошняга рашэньня ўкраінскі канцэрн павінен атрымаць 2,56 млрд. даляраў.

Агенцтва Reuters зьвяртае ўвагу на тое, што арбітражны суд не публікуе сваіх рашэньняў ды іх не камэнтуе, пакідаючы гэта бакам канфлікту.

У сьнежні мінулага году стакгольмскі суд адхіліў патрабаваньні "Газпрому", якія датычылі прынцыпу «take or pay», гэта значыць, неабходнасьць плаціць за газ, нават калі ён ня быў прыняты. Украінскі канцэрн дабіўся таксама рашэньня пра зьмяншэньне ў 10 разоў будучых паставак сыравіны з Расеі. Суд прызнаў несапраўднымі некаторыя пастановы кантракту і загадаў прыстасаваць іх да рынкавых стандартаў. "Нафтагаз" таксама ня мусіць плаціць за газ, які ідзе з Расеі на тэрыторыю, кантраляваную прарасейскімі сэпаратыстамі.

businessinsider.com.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт