Logo Polskiego Radia
Print

100 год таму ў нашым рэгіёне прайшла «вясна народаў»

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 24.02.2018 15:56
  • 100 год таму.mp3
Важна памятаць пра тыя падзеі, кажа кіраўнік стыпэндыяльнай праграмы імя Каліноўскага Ян Маліцкі.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

100 таму змагаліся за незалежнасьць народы зьняволеныя расейскай імпэрыяй. Гэта спрабавалі зрабіць 17 народаў. Удалося далёка ня ўсім. Пра гэта гутарка з польскім адмыслоўцам.

Дырэктара Цэнтра дасьледаваньняў Усходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту ды кіраўніка стыпэндыяльнай праграмы імя Каліноўскага Яна Маліцкага мы сустрэлі на Нацыянальнай дыктоўцы ў Беларускім доме ў Варшаве. Сп. дырэктар прывітаў прысутных, зьвярнуўшыся да іх па-беларуску.

Мы папрасілі яго пракамэнтаваць 100-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі, і запыталіся ці ў Польшчы ведаюць пра той беларускі зрыў да дзяржаўнасьці й незалежнасьці.

Беларусы сёлета адзначаюць 100-годзьдзе абвяшчэньня Беларускай народнай рэспублікі. З гэтай нагоды заплянавана мноства розных акцый, якія ладзяць як грамадзкія арганізацыі, так і прыватныя асобы. Адной з акцый, на якой Вы былі, стала Нацыянальная дыктоўка паводле дакумэнтаў БНР. Скажыце, як вы ацэньваеце такую форму нацыянальнай заангажаванасьці?

Ян Маліцкі: На маю думку, такія нацыянальныя дыктоўкі важны для любой нацыі й карысныя. Скажам, нават сярод палякаў, якія ўжо даўно ня маюць тоеснасных ды моўных сумневаў, такія дыктоўкі будуюць супольнасьць ды прыцягваюць мноства людзей. Пераможцы шчыра радуюцца, іншыя іх вітаюць. Тым больш такая дыктоўка мусіць мець значэньне для беларусаў. Асабліва ў цяперашнія часы. Я абсалютна перакананы, што гэта вельмі мудрая ініцыятыва.

Сёлета год незалежнасьцяў, калі можна так сказаць, 16 лютага Летува сьвяткавала 100-годзьдзе сваёй незалежнасьці, 11 лістапада будзе сьвяткаваць Польшча. 25 сакавіка будзе 100 гадавіна БНР. Як вы плянуеце адзначыць гэты юбілей?

Ян Маліцкі: Мы нешта зробім, што - хай пакуль застанецца сюрпрызам. Пры гэтым мы бярэм пад увагу ня толькі згаданыя тры краіны. Мы глядзім значна шырэй. Справа ў тым, што 1918 год быў тым момантам, калі больш за тузін народаў царскай Расеі спрабавалі заснаваць свае дзяржавы. Удалося толькі некаторым. Паводле маіх падлікаў 17 народаў спрабавалі аднавіць сваю дзяржаўнасьць. Усё гэта адбывалася на руінах царскай імпэрыі. На жаль, толькі два народы змаглі гэта зрабіць да канца пасьпяхова – гэта Фінляндыя ды Польшча. Балтыйскія краіны здабылі дзяржаўнасьць толькі на кароткі час – на 20 год. Закаўкаскія краіны – на 3 гады, а іншыя год і менш, нават некалькі месяцаў. Таксама і Беларусь з Украінай зазналі розныя дзяржаўныя ўтварэньні, але незалежнымі былі коратка.

Найкарацей незалежным быў Туркестан, кажа польскі адмысловец.

Ян Маліцкі: Туркестан пратрымаўся 74 гадзіны. Да таго моманту, пакуль не ўвайшла армія бальшавікоў, арыштавала ўрад ды расстраляла прэм’ера. Уратаваўся толькі прэзыдэнт, які потым гадамі спрабаваў нешта арганізаваць. Падобны лёс спазналі большасьць з тых народаў.

Ці ў Польшчы ёсьць сьвядомасьць і разуменьне таго, што суседзі беларусу 100 гадоў таму таксама спрабавалі стаць незалежнымі? Наколькі ведаюць палякі пра гісторыю БНР?

Ян Маліцкі: Няма абсалютна такога разуменьня. Гэта шырэйшая справа. Яна ня толькі беларусаў закранае. Калі я кажу пра 17 народаў, пра гэта ведаюць толькі дасьледчыкі «прамэтэізму». Тут патрэбны больш глыбокія веды. Мала хто ў грамадзтве ведае, што беларусы спрабавалі будаваць сваю дзяржаву. Тое самае тычыцца ўкраінцаў. Можа крыху больш палякаў ведае пра гэта, але надалей такіх няшмат. Пра гэта больш ведаюць таму, што быў хаўрус Пілсудскі з Пятлюрам. Аднак гэтая гісторыя мала каму вядомая.

Ці Цэнтар дасьледаваньняў усходняй Эўропы плянуе паправіць гэты прагал?

Ян Маліцкі: Тут трэба задаць пытаньне, чаму нічога ня ведаюць. Яго адрасаваць трэба і да беларусаў. Гэта беларусы павінны больш рабіць, каб палякі даведаліся пра тое, што сёньняшняя дзяржава Беларусь, мае глыбокія карані. Вялікае Княства Літоўскае ў значнай ступені належала да русінаў, яны былі важнымі акторамі, а 100 год таму яны спрабавалі пабудаваць нацыянальную дзяржаву. Гэта таксама і вашае заданьне. Больш змагацца за гісторыю, больш інфармаваць.

Разам зь іншымі народамі былой царскай імпэрыі 100 гадоў таму беларусы спрабавалі здабыць сабе незалежнасьць. Тая спроба не ўдалася, але прывяла да таго, што ў Маскве больш не змаглі ігнараваць беларускія нацыянальныя настроі. Зьявілася Беларуская Савецкая Рэспубліка, а пасьля распаду СССР – сёньняшняя незалежная Рэспубліка Беларусь. У Польшчы пра тыя падзеі ведаюць толькі адмыслоўцы, але лічаць іх важнымі. Яны раяць сучасным беларусам самім больш даведацца пра 1918 год ды распавесьці сьвету сваю гісторыю.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт