Польска-ўкраінская групоўка займалася падробкай банкаўскіх картак
PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski
02.08.2017 18:23
Супраць падазраваных высунутыя абвінавачваньні, ім пагражае да 28 гадоў турэмнага зьняволеньня.
Ілюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain/CC0
Высунутыя абвінавачваньні супраць злачыннай групоўкі, рассакрэчанай польскім Агенцтвам унутранай бясьпекі. Як паведамляе сёньня інтэрнэт-партал wPolityce, двух грамадзянаў Польшчы й двух украінцаў падазраюць у падробцы банкаўскіх картак і абкраданьні кліентаў фінансавых установаў. Трое зь меркаваных удзельнікаў групы былі затрыманыя ў ліпні мінулага году ў Вармінска-Мазурскім ваяводзтве. У салёне аўтамабіля, у якім ехалі падазраваныя, знойдзеныя карткі з расейскімі ды нямецкімі маркіроўкамі, а таксама без такіх адзнакаў, але з магнітнай паласой.
Акрамя таго, канфіскаваны ноўтбук з праграмным забесьпячэньнем для распазнаньня інфармацыі з банкаўскага плястыку і абсталяваньне для скімінгу – то бок, счытваньня дадзеных. Пазьней быў затрыманы чацьвёрты зь фігурантаў справы. Пры ім знайшлі незарэгістраваную зброю, амфэтамін ды экстазі. Як паведамляе сайт са спасылкай на Польскае агенцтва друку, абвінавачваньні супраць усёй чацьвёркі былі накіраваныя ў суд у мінулым месяцы.
Сярод эпізодаў, якія значацца ў акце – падробка плацёжных картак, захоўваньне наркотыкаў і зброі. Паводле сьледзтва, мэтай падазраваных было атрыманьне фінансавай выгады. Траім з затрыманых пагражае ад 5 да 25 гадоў турэмнага зьняволеньня. Чацьверты, якога лічаць памагатым, у выпадку, калі ягоная віна будзе даказаная па ўсіх эпізодах, рызыкуе правесьці ў турме ад чатырох з паловай да 28 гадоў. Усё залежыць ад таго, як злачынствы будуць кваліфікаваныя судом, гаворыцца ў матэрыяле.
св