Logo Polskiego Radia
Print

«Гэта адбылося, дзякуючы візыту Сярэдзіча да Лукашэнкі»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.07.2017 20:50
  • «Гэта адбылося, дзякуючы візыту Сярэдзіча да Лукашэнкі».mp3
Як часопіс ARCHE вярнуўся ў дзяржаўныя кіёскі, і да якіх зьменаў гэта прывядзе – расказаў галоўны рэдактар выданьня Валер Булгакаў.
Фота: arche.byФота: arche.byarche.by

Навукова-папулярны часопіс ARCHE вяртаецца ў сеткі дзяржаўнага распаўсюду пасьля трынаццацігадовага перапынку. Гэта стала магчыма, дзякуючы сустрэчы галоўнага рэдактара газэты «Народная воля» Іосіфа Сярэдзіча з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам – мяркуе галоўны рэдактар часопісу Валер Булгакаў. Дзе можна набыць ARCHE? Як зьменіцца часопіс у выніку таго, што яго дазволілі прадаваць у кіёсках «Белсаюздруку»? Пра гэта галоўны рэдактар Валер Булгакаў расказвае Аляксандру Папко.

Навукова-папулярны й грамадзка-палітычны часопіс ARCHE («Пачатак») – выданьне па-сапраўднаму легендарнае. Пачынаючы з 1998 году, ён публікуе тэксты, прысьвечаныя беларускаму грамадзтву, культуры й гісторыі, напісаныя вядучымі навукоўцамі зь Беларусі, Польшчы, ЗША, Нямеччыны ды іншых краінаў. За апошнія гады ARCHE выпусьціў нумары, прысьвечаныя гісторыі роду Радзівілаў, Беларусі пад нямецкай акупацыяй, саветызацыі Заходняй Беларусі, гісторыі Горадні, Віцебска й Полацка, беларускім недзяржаўным арганізацыям і шматлікім іншым тэмам.

Новы нумар ARCHE роасказвае пра ролю гораду ў гісторыі Беларусі. Яго ўжо можна купіць у кіёсках «Белсаюздруку» у Менску й Менскай вобласьці. Неўзабаве навукова-папулярны часопіс зьявіцца ў крамах «Белкнігі», а таксама ў газэтных кіёсках у абласных цэнтрах.

На паліцах дзяржаўных кіёскаў ARCHE не было амаль 14 гадоў. У 2004 годзе беларускія ўлады выключылі яго зь дзяржаўнай сыстэмы распаўсюду. Прычынай стаў нумар, прысьвечаны Аляксандру Лукашэнку – расказвае галоўны рэдактар ARCHE Валер Булгакаў.

Валер Булгакаў: Мы апублікавалі нумар, прысьвечаны 50-годзьдзю Лукашэнкі. Рэакцыя ўладаў была вельмі жорсткай. Падаткавая інспэкцыя правяла праверкі, а часопіс быў выкінуты з усіх сетак распаўсюду. Такая рэакцыя тлумачыцца тым, што ў Адміністрацыі прэзыдэнта і Міністэрстве інфармацыі ўспрынялі сам зьмест гэтага нумару як нешта, што парушае дапушчальныя нормы «паліткарэктнасьці».

Пасьля гэтага рэдакцыя распаўсюджвала выданьне фактычна «ад дзьвярэй да дзьвярэй». Супрацоўнікам прыходзілася кантактаваць з тысячамі пакупнікоў і індывідуальных чытачоў. Гэта была вельмі нялёгкая праца – расказвае Валер Булгакаў. У 2009 годзе ўлады спрабавалі прызнаць адзін з нумароў часопісу «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У 2012 годзе выдаўцоў ARCHE абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, а сам часопіс ледзьве не зачынілі.

Валер Булгакаў: У 2012 годзе ў нас выйшла публікацыя, якая была ўспрынята яшчэ больш нэгатыўна. Зноў адбыліся праверкі. Больш за тое, на паўгода банкаўскі рахунак часопісу быў арыштаваны. Мы фізычна не маглі аплачваць друк новых нумароў, таму ледзь не страцілі дзяржаўную рэгістрацыю. Да гэтага заставалася ўсяго пару тыдняў.

І вось у гэтым годзе дарыўся цуд – ARCHE вярнулі ў сеткі дзяржаўнага распаўсюду. Гэтаму паспрыяла размова галоўнага рэдактара газэты «Народная воля» Іосіфа Сярэдзіча з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбылася ў лютым. Галава Беларусі паабяцаў вярнуць некаторыя часопісы й газэты ў шапікі «Белсаюздруку» – расказвае Валер Булгакаў.

Валер Булгакаў: Гэты прарыў стаў магчымым, дзякуючы візыту галоўнага рэдактара газэты «Народная воля» Іосіфа Сярэдзіча да Лукашэнкі, які адбыўся яшчэ ўвясну. Мы ня менш за 5 разоў зьвярталіся з афіцыйнымі запытамі ў менскі офіс «Белсаюздруку» – і заўсёды атрымлівалі нэгатыўныя адказы. І толькі пасьля таго, як Іосіф Сярэдзіч сустрэўся з Лукашэнкам і атрымаў пэўныя гарантыі, чарговы зварот у «Белсаюздрук» прынёс пазытыўны вынік.

Гэтую інфармацыю пацьвердзіў і сам Іосіф Сярэдзіч. Тэма допуску незалежных СМІ да сыстэмы дзяржаўнага распаўсюду была адной галоўных тэмаў лютаўскай размовы паміж Сярэдзічам і Лукашэнкам.

Іосіф Сярэдзіч: Спэцыяльна на часопісе ARCHE мы не спыняліся, затое я прадставіў Аляксандру Рыгоравічу вялікі сьпіс і газэтаў, і часопісаў, якія былі выключаныя з дзяржаўнай сыстэмы распаўсюду. І ён мне сказаў, што на міжнароднай канфэрэнцыі, якую ладзіла Беларуская асацыяцыя журналістаў у той жа дзень, я магу аб’явіць: «Праблема вырашаная». І сапраўды, яна была вырашаная.

Вяртаньню ARCHE ў дзяржаўныя сеткі распаўсюду паспрыяла й тое што за апошні дзесятак гадоў часопіс стаў менш палітызаваны – кажа Валер Булгакаў. ARCHE адышоў ад публікацыі тэкстаў на надзённыя вострапалітычныя тэмы й стаў больш увагі ўдзяляць гістарычным пытаньням.

Валер Булгакаў: З выданьня, якое цікавіцца перш за ўсё бягучай палітыкай і прапануе аналітычныя агляды, мы пайшлі ў кірунку часопісу з больш «Вечным» зьместам, якія ня тычыцца вастрыні палітычнага моманту. Чаму так адбылося? Па-першае, мы хочам сысьці ад грузу палітычнай канфрантацыі, другая прычына – гэта дыстрыбуцыя. Калі нумар выдадзены «на злобу дня» й прысьвечаны падзеям, якія былі актуальныя, напрыклад, у 2013 годзе, то ў 2016 годзе ён ужо не зацікавіць беларускага чытача.

Вяртаньне часопісу ў дзяржаўныя шапікі й кніжныя крамы зьменіць зьнешні выгляд часопіса ARCHE. Ён «схуднее» і стане больш каляровым, каб дастасавацца да больш масавага чытача – кажа Валер Булгакаў.

Валер Булгакаў: Мы плянуем перавесьці часопіс поўнасьцю ў «колер», даваць больш ілюстрацыяў і паменшыць яго аб’ём. Нумары на 700 старонак – гэта занадта вялікая чытанка, якая выглядае экстравагантна на фоне прадукцыі, якая прадаецца ў кіёсках «Белсаюздруку».

Ані «Белсаюздрук», ані іншыя дзяржаўныя ўстановы не ставілі ARCHE ніякіх ідэалягічных рамак – падкрэсьліў Валер Булгакаў. Галоўны рэдактар разумее, што ў любы момант сытуацыя можа зьмяніцца і дзяржаўныя сеткі распаўсюду могуць адмовіцца ад супрацоўніцтва з часопісам.

Пакуль гэтага ня здарылася, Валер Булгакаў заахвочвае аматараў гісторыі набыць новы нумар ARCHE ў шапіках «Белсаюздруку». Выданьне «Гарадзкая гісторыя Беларусі» разьбівае стэрэатып пра тое, што беларусы як нацыя выводзяцца толькі зь сялянства. Багата ілюстраваны нумар расказвае пра штодзённае жыцьцё гарадоў на беларуск-літоўскіх землях да ўваходжаньня Беларусі ў склад Расейскай Імпэрыі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт