Ці Беларусь – гэта яшчэ сацыяльна арыентаваная дзяржава? На днях былі  адпушчаны цэны на асноўныя прадукты харчаваньня (хлеб, малако, яйкі,  мяса), экспэрты мяркуюць, што за гэтыя тавары беларусам прыйдзецца  плаціць на 10-15% больш. Улады падымаюць кошты камунальных паслуг,  рыхтуюць насельніцтва да павышэньня пэнсійнага ўзросту, кажуць пра  скарачэньне дэкрэтнага водпуску з 3 да 2 гадоў, аб чым заявіў дарадчык  прэзыдэнта Кірыл Руды.
Канец сацыяльнай дзяржаве ў Беларусі  прыходзіць паступова, паколькі ўлады баяцца незадаволенасьці  насельніцтва, – адзначае эканаміст Леанід Злотнікаў.
Л.  Злотнікаў: Калі прыйшоў Лукашэнка, ён казаў, што ў нас будзе бясплатная  мэдыцына, адукацыя. Але цяпер адсотак студэнтаў, якія плацяць за  вышэйшую адукацыю, падобны, як у Заходняй Эўропе, а  нават у ЗША. У бальніцах пацыенты не плацяць за працу лекараў, але  плацяць за лякарствы. Эканоміка Беларусі неэфэктыўная, яна шмат гадоў  існавала за кошт расейскіх  субсыдый, замежных крэдытаў, узровень запазычанасьці складае звыш 50%  ВУП. Няма магчымасьці падтрымліваць узровень спажываньня насельніцтва,  таму ён скарачаецца.
Улады не жадаюць адмаўляцца ад свайго міту  сацыяльнай дзяржавы. Яны, дарэчы, могуць зваліць частку віны за зьмены  на міжнародныя ўстановы, у тым ліку МВФ, які, у прыватнасьці, патрабуе  зьменшыць выдаткі дзяржавы на камунальныя паслугі для насельніцтва.  Аднак тут патрабаваньні больш шырокія – яны датычаць рынкавых рэформаў,  якія ўлады не жадаюць праводзіць.
Л. Злотнікаў: Галоўнае патрабаваньне – спыніць дзяржаўнае камандаваньне эканомікай: не ўмешвацца ва ўзровень цэнаў,  прыватызаваць шэраг прадпрыемстваў, зьменшыць падатковае абцяжараньне  прыватнага сэктара. У нас насельніцтва аплачвае толькі каля 30-40%  камунальных паслуг, астатняе плаціць дзяржава. Бюджэтныя сродкі  выдаткоўваюць вельмі неэфэктыўна,  паколькі няма прыватных гаспадароў у камунальнай гаспадарцы. Усю  сыстэму неабходна мяняць, чаго патрабуюць крэдыторы і з Захаду, і з  Усходу.
Нічога не гаворыцца аб тым, каб адбываліся скарачэньні  выдаткаў на лініі саміх уладаў. Калі насельніцтву прыходзіцца зацягваць  паясы, то першыя гэта павінны зрабіць улады. А ў Беларусі ідуць  агромністыя грошы на выдаткі, зьвязаныя зь дзяржаўным апаратам, на  сілавыя структуры.
Л. Злотнікаў: Я паглядзеў бюджэт і не ўбачыў,  каб скарацілі выдаткі на апарат прэзыдэнта. Напрыклад, бюджэт Савета  міністраў меншы, чым Адміністрацыі прэзыдэнта. На адміністрацыю дзяржавы  выдаткоўваем каля 20-25% усяго бюджэту.
Беларускія ўлады часта параўноўваюць Беларусь з іншымі краінамі. Скажам, што беларусы ідуць на пэнсію ў 55-60 гадоў, а  такога ў сьвеце мала. Тым ня менш, у беларускія пэнсіянэраў няма льгот,  якія ёсьць у польскіх, напрыклад, льготны праезд на грамадзкім  транспарце або агулам бясплатны пасьля 70-га году жыцьця, як у Варшаве.
Л.  Злотнікаў: Пэнсійная рэформа насьпела, шмат пра яе гаворыцца. Але гэта  непапулярная мера, насельніцтву не падабаецца. А ў нас улады трымаюцца  не на прыватным сэктары, не на эканоміцы, а  на шырокіх масах насельніцтва. Сацыяльныя льготы прыходзіцца  зварочваць, паколькі краіна праядала даволі багатую індустрыяльную  спадчыну пасьля БССР. Рэфармаваць краіну ўлады не жадаюць, а спрабуюць усялякімі спосабамі працягнуць існаваньне неэфэктыўнай сыстэмы.
У Польшчы пасьля пачатку шокавай тэрапіі падзеньне эканомікі працягвалася 2-3 гады, цэны цягам году расьлі на 30-37%, а  ў Беларусі ў ’92 годзе цэны вырасьлі ў 20 разоў, у 93’ – у 21 раз.  Агулам у нас цэны павысіліся з 1990 года ў мільярд разоў! Лукашэнка  казаў – мы прыйдзем да рынка, але ня коштам падзеньня ўзроўню жыцьця  насельніцтва. А ў выніку мы атрымалі большы спад і больш нізкі ўзровень  жыцьця, чым у Польшчы, – падсумоўвае кандыдат эканамічных навук Леанід  Злотнікаў.
нг