Logo Polskiego Radia
Print

На ратунак балотам

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.09.2015 16:30
  • На ратунак балотам.mp3
У Бебжаньскім нацыянальным парку адбыліся "Сенакосы на балотах - 2015".

/

Акцыя мае экалягічны характар ды міжнародны маштаб.

5 верасьня на тэрыторыі Бебжаньскага нацыянальнага парку, непадалёк ад польскага мястэчка Гонёндз адбыўся Чэмпіянат сьвету па кашэньні балотных лугоў. Мерапрыемства носіць ня толькі спартовы, але й экалягічны характар. Такім крокам кіраўніцтва нацыянальнага парку прыцягвае ўвагу да захаваньня каштоўнага прыроднага асяродзьдзя - забалочаных лугоў. Больш падрабязна пра мерапрыемства распавядае намесьніца дырэктара Бебжаньскага нацыянальнага парка Малгажата Гурска.

Малгажата Гурска: Гэта ўжо 14-ыя спаборніцтвы па кашэньні балотных лугоў для прыроды. Некалькі апошніх год мерапрыемства мае характар Чэмпіяната сьвету. Першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1999-м годзе, у фармаце Чэмпіянату Польшчы. У зьвязку з тым, што ідэя аховы прыроды ды захаваньня забалочаных абшараў пашыраецца й датычыць шматлікіх краін, наша мерапрыемства разраслося да маштабу Чэмпіянату Эўропы. Цяпер жа, разам з прыездам каманды з Канады ды Якуціі (РФ), мы выйшлі на сусьветны ўзровень. Гэта ня жарты.

/

Мэтай чэмпіянату зьяўляецца папулярызацыя актыўнай аховы забалочаных тэрыторый. Гэта зьвязана з тым, што балоты з прыроднага пункту гледжаньня зьяўляюцца вельмі каштоўнымі тэрыторыямі. Яны затрымліваюць ваду, што асабліва важна ў сухія гады, як сёлета. Больш за тое, гэта месца пражываньня ды знаходжаньня рэдкіх відаў расьлін, птушак ды жывёл. Балоты ў Эўропе былі асушаны, засталося іх няшмат і яны патрабуюць аховы, кажуць у Парку.

Адным з такіх відаў аховы зьяўляецца кашэньне балотных лугоў. Чаму, тлумачыць Малгажата Гурска.

Малгажата Гурска: Практыка кашэньня забалочаных лугоў мае месца ў розных краінах. Так выкарыстоўваюцца гэтыя тэрыторыі на патрэбы сельскай гаспадаркі. Гэтая практыка налічвае стагодзьдзі. Нашы бебжаньскія балоты - гэта ня толькі першасныя экасыстэмы, створаныя сіламі прыроды. Яны сфармаваліся пад уплывам чалавека, які ня надта інтэнсыўна выкарыстоўваў гэтыя лугі. Людзі іх касілі, зьбіралі сена, пасьвілі скаціну. Дзякуючы гэтаму дадзеныя балоты не пазарасталі чаротам, хмызьняком ды дрэвамі. Тут засталіся лугі, дзе гняздуюцца шматлікія віды птушак. Бебжаньскія балоты захаваліся ў добрым стане. Таму мы ладзім тут сенакосы, выключную імпрэзы, падтрымліваючы яшчэ жывую традыцыю - кашэньня касою.

/

На Бебжаньскія сенакосы прыехалі каманды з розных краін сьвету. Была вельмі каляровая каманда ў нацыянальных строях з Вугоршчыны, дзе касцамі былі мужчыны нароўні з жанчынамі.

/

/

Была каманды з далёкай Канады ды Бэльгіі. Былі таксама каманды з суседняй Беларусі. Як яны трапілі на чэмпіянат для прыроды, распавядае Мікалай Яшчык з Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці.

Мікалай Яшчык: У Беларусі ёсьць падобныя мерапрыемствы. Мы ўжо пяць год ладзім сенакосы ў аграсядзібе Жылінскія ў Пастаўскім раёне. Летась мы бралі ўдзел ў Чэмпіянаце Беларусі па кашэньні травы. Занялі там 2 месца й даведаліся пра тое, што ў Польшчы таксама ладзяцца сенакосы на балотах. Сёлета мы змаглі прыехаць. У нас таксама ёсьць падобныя мясьціны. Напрыклад злучэньне ракі Пціч ды Прыпяці. У Беларусі таксама ёсьць экалягічныя праграмы.

З суседняй Расеі ў Польшчу прыехала каманда з далёкай Рэспублікі Саха, больш вядомая як Якуція. Пра свой інтарэс да сенакосу распавёў прадстаўнік каманды Аляксандр Раманаў.

Аляксандр Раманаў: Летась у Расеі прайшлі падобныя спаборніцтвы й мы занялі першае месца. Там мы пазнаёміліся з камандамі з Польшчы ды Беларусі. Атрымалі запрашэньне прыехаць. Наша каманда добра косіць, таму мы й паехалі. У нас косяць у асноўным трактарамі, на корм для кароў. Рукамі косяць толькі аматары. Такой ініцыятывы ў нас няма, таму я лічу, што вельмі добра, што тут косяць, каб захаваць балоты. Гэта вельмі добра і прыемна.

У Польшчы ў Бебжаньскім нацыянальным парку ў 14 раз адбылася спартовая імпрэза для прыроды Чэмпіянат сьвету па кашэньні травы. Гэтай акцыяй прыцягваецца ўвага грамадзтва да захаваньня балот ды падтрыманьня традыцыі ручнога кашэньня травы.

/

/
/
/

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт