Судзяць забойцу Віктара Хары
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
18.04.2015 15:37
Правасудзьдзе знайшло забойцу славутага чылійскага барда, ахвяры рэпрэсіяў Піначэта, праз 40 гадоў.
Фота: eldinamo.cl
У амэрыканскай Флярыдзе судзяць Пэдра Барыентаса. Гэта былы афіцэр чылійскай арміі. Яго абвінавачваюць у забойстве славутага барда Віктара Хары, зьдзейсьненае ў 1973 годзе, пасьля прыходу да ўлады дыктатара Піначэта. Акалічнасьці сьмерці музыканта апісвае на сваіх старонках Gazeta Wyborcza.
Бард Віктар Хара быў перакананым камуністам, іконай чылійскіх левых. 12 верасьня 1973 году жаўнеры арыштавалі яго на тэрыторыі тэхнічнага ўнівэрсытэту ў Санцьяга. На працягу 4 дзён яго бязьлітасна зьбівалі нагамі і прыкладамі, не давалі ежы і вады. Каванымі бацінкамі музыканту раздушылі пальцы рук. Адсюль нарадзілася легенда, што перад сьмерцю барду адсеклі пальцы.
Зламанымі рукамі Віктар Хара напісаў свой апошні верш, які зьбераглі яго суседзі па камэры. Катаваньнямі кіраваў лейтэнант Мігель Красноў – нашчадак расейскіх белых эмігрантаў. 16 верасьня 1973 году Віктара Хару прымусілі гуляць у «расейскую рулетку», а затым застрэлілі. Апошнюю кулю, паводле сьведкаў, у яго выпусьціў Пэдра Барыентас.
Пасьля адыходу ад улады Піначэта былы вайсковец эміграваў у ЗША. Сёньня Мігель Красноў і начальнік Барыентаса Мануэль Кантрэрас адбываюць пажыцьцёвае пакараньне за забойствы праціўнікаў Піначэта. Барыентас, які стане перад судом ЗША, сваю віну адмаўляе.
Gazeta Wyborcza/ап