Logo Polskiego Radia
Print

Праграмная прамова Д. Туска

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.08.2014 14:20
Апазыцыя называе гэтыя прапановы перадвыбарчай каўбасой.
PAP

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск рыхтуецца разам з усёй урадавай кааліцыяй да бліжэйшых выбараў – на гэты раз у муніцыпальныя ворганы, але думае таксама пра больш важныя – выбары ў парлямэнт праз год. Учора ён выступіў з гэтак званым экспазэ – праграмнай прамовай, у якой прадставіў прыярытэты свайго ўраду на бліжэйшы час. Камэнтатары не сумняюцца – сацыяльнымі абяцаньнямі кіраўнік ураду намераны адабраць частку галасоў у партый апазыцыі.

Сваім выступленьнемі Туск зьдзівіў апазыцыю. Яшчэ ня так даўно галоўныя заклікі ягонай партыя былі лібэральныя, але з таго часу, калі ў Польшчы пачаўся эканамічны крызыс, ён паўтарае, што абавязак дзяржавы – падтрымка малазапясьпечаных грамадзян. Апошнім часам ён прызнаўся, што адчувае сябе больш сацыялдэмакратам, чым лібэралам.

Першае абяцаньнем прэм’ер-міністар даў пэнсіянерам. У будучым годзе яны атрымаюцуь большае павышэньне пэнсіі, чым плянавалася (пры пэнсіі да 3,3 тыс. злотых). Наступная група, на якую зьвярнуў увагу Туск, гэта шматдзетныя сем’і. Яны змогуць скарыстацца павышанай ільготай на дзяцей, нават калі мала зарабляюць і плацяць невысокія падаткі. Калі падаткаў ня хопіць для выкарыстаньня льготы, то бракуючую суму даплаціць дзяржава.

Паводле словаў Рафала Групіньскага з Грамадзянскай плятформы, нельга назваць гэтыя абяцаньні толькі “перадвыбарчай каўбасой”, пра што кажуць прадстаўнікі апазыцыі. “Гэта канкрэтныя зьмены. Калі б год таму была дэфляцыя, то прэм’ер-міністар прыняў бы падобнае рашэньне”, - адзначае Групіньскі і кажа, што ёсьць грошы на рэалізацыю гэтых абяцаньняў.

Р. Групіньскі: Маім меркаваньнем, усе, хто назірае за сытуацыяй дзяржаўнага бюджэту Польшчы ў гэтым годзе, ведаюць, што значна вырасьлі даходы з падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ). У сувязі з гэтым у нас ёсьць нейкая сума свабодных сродкаў. Праўда, нельга назваць гэтыя сродкі калясальнымі, але яны дастатковыя, каб прызначыць фінансавую дапамогу для пэнсіянераў і для шматдзетных сем’яў.

Выступленьне Туска паказвае, што прэм’ер не шануе палякаў, яго не цікавяць іх праблемы, - заявіў віцэ-старшыня апазыцыйнай партыі Права й справядлівасьць Марыюш Каміньскі. На ягоную думку, урад слаба падтрымлівае пэнсіянераў.

М. Каміньскі: Права і справядлівасьць падрыхтавала законапраект, які ўводзіць нулявую стаўку падатку для пэнсянераў. Нашыя экспэрты падлічылі, што дзяржаўны бюджэт страціў бы ад гэтага каля 400 млн злотых. І гэтыя мільёны злотых маглі б астацца ў партманэ самых бедных жыхароў краіны. Гэта справядліва й сумленна. А грошы, якія бюджэт страціць, можна было б атрымаць дзякуючы новаму падатку, накладзенаму на банкаўскія фінансавыя установы. У шматлікіх краінах ЭЗ ёсьць такі падатак, паколькі банкаўскі сэктар, нягледзячы на крызыс, разьвіваецца ў нашай краіне вельмі пасьпяхова.

Паводле адназначных ацэнак аналітыкаў, прэм’ер-міністар пачаў перадвыбарчую кампанію. Эканаміст Яраслаў Янэцкі не сумняецца, што рашэньні ўраду паўплываюць на сытуацыю большасьці жыхароў краіны, але як звычайна першае пытаньне – адкуль узяць грошы.

Я. Янэцкі: Зь іншага боку, ці ўрад знойдзе сродкі на рэалізацыю гэтых абяцаньняў. Пакуль што невядома дакладна, адкуль кіруючая кааліцыя возьме грошы на ўсе гэтыя новаўвядзеньні.

Даволі шмат увагі ў сваім выступленьні Туск прысьвяціў пытанью нацыянальнай бясьпекі дзяржавы. “Для мяне ўкраінская праблема – гэта перш за ўсё праблема бясьпекі Польшчы”, - адзначыў прэм’ер-міністар. І дадаў, што палякі не павінны ангажавацца ў дапамогу Ўкраіне ў аднабаковым парадку, а толькі сумесна з іншымі краінамі сьвету. Ён заявіў, што Польшча будзе імкнуцца пашырыць прысутнасьць сілаў NATO ў сваіх межах. Такія рашэньні павінны быць прынятыя падчас саміту NАТО, які адбудзецца ў Вялікабрытаніі на пачатку верасьня, - спадзяецца польскі прэм’ер-міністар.

IAR/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт