Logo Polskiego Radia
Print

Брытанскае выданьне пацьвярджае, што фундацыя Л.Казлоўскай адмывала грошы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.04.2019 14:03
Ці пасьля публікацый замежных выданьняў польскія абаронцы Казлоўскай усё яшчэ намераныя яе бараніць?

Інтэрнэт-партал wPolityce.pl вяртаецца да справы Людмілы Казлоўскай, яе мужа Барташа Крамэка ды іх фундацыі «Адкрыты дыялёг». Казлоўскую польскія ўлады абвінавацілі ў супрацоўніцтве з расейскімі спэцслужбамі і выдалілі з Польшчы. Тады за яе, грамадзянку Ўкраіны, якая выйшла замуж за паляка, заступіліся прадстаўнікі польскай апазыцыі.

Партал піша, што брытанскае тыднёвае выданьне The Sunday Times надрукавала тэкст аб тым, што фундацыя «Адкрыты дыялёг» займалася адмываньнем брудных грошай. У справе бралі ўдзел таксама фірмы з Шатляндыі.

Доказы сабраў малдаванскі парлямэнт. Паводле яго зьвестак, каля 1,5 млн. фунтаў было адмыта на рахунках фірмаў, зарэгістраваных у Глазга ды Эдынбургу. Яны былі пераведзеныя на банкаўскі рахунак фундацыі «Адкрыты дыялёг», – напісаў The Sunday Times.

У тэксьце аўтар прыводзіць аргумэнты малдаванскай парлямэнцкай камісіі, якая сьцьвярджае, што грошы былі прызначаныя на лёбінг у карысьць алігархаў Аблязава і Платона. Паводле дакладу малдаванаў, Казлоўская і яе фундацыя дзейнічалі супраць Малдовы. Кампанію фінансавалі між іншым расейскія кампаніі ваенна-прамысловага комплексу, на якія былі накладзеныя санкцыі за гібрыдную вайну супраць дзяржаваў Ўсходняй Эўропы. Акрамя таго, складваецца ўражаньне, што фірмы былі зарэгістраваныя толькі дзеля таго, каб рабіць бачнасьць нейкай дзейнасьці. У сваю чаргу меркаваньнем прэс-сакратара фундацыі «Адкрыты дыялёг» Марціна Мыцельскага, малдаванскі даклад быў абнародаваны без правядзеньня сумленнага сьледзтва, з мэтаю дыскрэдытацыі апазыцыі.

Ці пасьля гэтых публікацый замежных выданьняў польскія абаронцы Казлоўскай далей намераныя яе бараніць? Партал нагадвае, што ў мінулым годзе пад пэтыцыяй у абарону Казлоўскай, яе мужа і фундацыі падпісаліся між іншым Лех Валэнса, Ружа Тун, Эльжбета Бенькоўска, Томаш Ліс ды іншыя вядомыя ў Польшчы асобы.

wPolityce.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт