Logo Polskiego Radia
Print

Польскі эўрадэпутат: Эўрапейская кааліцыя дзейнічае ў карысьць Расеі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.03.2019 13:34
У склад Эўрапейскай кааліцыі ўваходзяць партыі палітычнай апазыцыі Польшчы.
прэзыдэнт У. Пуцінпрэзыдэнт У. Пуцінwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

І яшчэ інфармацыя, якая датычыць палітычнага жыцьця ў Польшчы, а паведамляе яе партал wPolityce.pl. Дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі (Jacek Saryusz-Wolski) зьмясьціў у сацыяльнай сетцы Twitter камэнтар на тэму польскіх апазыцыйных партый. Гаворка ідзе пра Эўрапейскую кааліцыю, у склад якой уваходзяць «Грамадзянская плятформа», Польская сялянская партыя, Саюз левых дэмакратычных сілаў, партыя «Сучасная» і Зялёныя. Кааліцыя была створаная перад выбарамі дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту. Выбары адбудуцца ў траўні бягучага году.

Дык вось, Сарыюш-Вольскі мяркуе, што Эўрапейская кааліцыя прамаскоўская, гэта значыць, хоча ўтрымліваць добрыя адносіны з Расеяй і дзейнічае ў яе карысьць. Дэпутат прыводзіць канкрэтныя прыклады. Праўда, гэтыя прыклады зводзяцца да некалькіх сказаў, у якіх аўтар нават не карыстаецца поўнымі словамі. Трэба сказаць, што спэцыфіка Twitter менавіта ў тым, каб як мага больш зьместу перадаць у як мага карацейшай форме.

Сарыюш-Вольскі згадаў, у чым, на ягоную думку, заключаецца прарасейскасьць «Грамадзянскай плятформы» і Сучаснай: расейскія базы, NATO/EWG bis ( канцэпцыя стварэньня міжнароднага вайсковага/эканамічнага блёку дзяржаў, якія калісьці ўваходзілі ў арганізацыю Варшаўскага дагавору – рэд.). Дэпутат піша пра Смаленск (катастрофа польскага самалёта), сустрэчу прэм’ер-міністра Дональда Туска з Уладзімірам Пуціным у Сопаце, падтрымку прэзыдэнта Ўкраіны Януковіча, войска на заходняй, а не ўсходняй мяжы Польшчы.

Сарыюш-Вольскі мяркуе, што пра спрыяньне расейскім інтарэсам сьведчаць наступныя дзеяньні Саюзу левых дэмакратычных сілаў: маскоўскі крэдыт, заблякаваньне кантракту на пакупку газу ў Нарвэгіі, абарона агентуры. Таксама Польская сялянская партыя, на думку дэпутата, мела добрыя кантакты з Расеяй, купляла ў яе газ. А Зялёныя падтрымалі расейскія пратэсты супраць пабудовы суднаходнага каналу праз Віслінскую касу.

wPolityce.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт