Польскія акторы падалі ў суд на дзяржаву за бруднае паветра
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
07.12.2018 12:10
"Кожны чалавек мае права адчыняць вокны і выхадзіць з дому, таксама зімой у бязьветранае надвор’е".
www.pixabay.com/Jerzy Górecki/CC0 Creative Commons
Вядомыя асобы падалі ў суд на польскую дзяржаву за тое, што яна неэфэктыўна змагаецца за тое, каб паветра ў краіне было чыстым. Позвы ўнесьлі між іншым акторы Ежы Штур, Гражына Вольшчак, Зофія Чэрвіньска, журналіст Марыюш Шчыгел. Пра справу паведамляе «Gazeta Wyborcza». Пазоўнікі патрабуюць вярнуць ім кошты набыцьця агрэгата для ачысткі паветра, лякарстваў, сродкаў індывідуальнай аховы органаў дыханьня, а таксама кампэнсаваць кошты страты здароўя. Першыя паседжаньні суду ўжо адбыліся, няма яшчэ рашэньня. Тым часам рыхтуецца калектыўны пазоў ад некалькіх сотняў чалавек, дзякуючы чаму кошты працэсу будуць ніжэйшыя.
Першай вырашыла падаць у суд на дзяржаву акторка Катажына Анкудовіч. На яе думку, кожны чалавек мае права адчыняць вокны і выхадзіць з дому, таксама зімой у бязьветранае надвор’е. «Права на ахову здароўя зьяўляецца нашым канстытуцыйным правам. Мы хочам жыць годна, так, як жыхары дзяржаў, якія эфэктыўна змагаюцца з брудным паветрам», – кажа Анкудовіч.
Прадстаўнік сталічных уладаў на працэсе пераконваў, што смог у Варшаве бывае толькі зрэдку. У сваю чаргу прадстаўнік руху Польская смогавая трывога (Polski Alarm Smogowy) Пётр Сергей адзначае, што з пачатку году да сьнежня ў Варшаве было 124 дні, калі нормы якасьці паветра былі перавышаныя. Ці гэта зрэдку? Ён спадзяецца, што суд урэшце возьме пад увагу права жыхароў дыхаць чыстым паветрам.
Пазоўнікі кажуць, што калі польскі суд адмовіць ім у кампэнсацыі, то яны пойдуць змагацца ў Страсбурскі суд.
Gazeta Wyborcza/нг