Амаль бяз рэха застаўся ў Польшчы канфлікт украінскай царквы і Масквы
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
22.10.2018 14:59
"Украіна зьяўляецца цяпер для Польшчы самым вялікім выклікам будучыні, па якім яшчэ няма дыягназу».
Ілюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain CC0
На старонках выданьня «Rzeczpospolita» Марэк Ціхоцкі піша, што амаль бяз рэха прайшла інфармацыя пра разарваньне адносінаў расейскай праваслаўнай царквы з Канстантынопалем. Людзі ня бачаць сувязі паміж рэлігіяй і палітыкай, таму не разумеюць вагі канфлікту. А ён зьяўляецца вялікай ідэйнай паразай Пуціна, які абгрунтоўваў анэксію Крыму сьвятым правам Расеі на паўвыспу і Ўсходнюю Ўкраіну. Аднак украінскае праваслаўе перайшло пад кантроль Масквы толькі пад канец 17-ага стагодзьдзя, калі Рэч Паспалітая прайграла вайну з казакамі. Гэта была рэлігійная вайна, якая на шмат гадоў вырашыла лёс Рэчы Паспалітай.
У нашы часы аўтакефалія, якой Канстантынопаль надзяліў украінскую праваслаўную царкву, можа мець таксама вялізнае значэньне. Гэта паказвае, што Ўкраіна насуперак словам Пуціна, зьяўляецца дзяржавай з усімі яе атрыбутамі, і яна становіцца ўсё больш незалежнай ад Масквы. Дзіўна, як мала гэтым займаецца сучасная польская палітыка.
«Нашы нацыянал-дэмакраты і акцыдэнталісты абыякава ставяцца да Ўкраіны, лічаць, што гэта ня наша праблема, усё зводзяць толькі да пытаньня нацыяналізму. Нават такія папулярныя апошнім часам з правага боку палітычнай сцэны прыхільнікі геапалітыкі шмат пішуць пра Кітай, Расею, а нават Беларусь, але справу Ўкраіны замоўчваюць. Атрымліваецца, што Ўкраіна зьяўляецца цяпер для Польшчы самым вялікім выклікам будучыні, па якім яшчэ няма дыягназу» – заканчвае свае разважаньні палітоляг Марэк Ціхоцкі.
Rzeczpospolita/нг