Марыя Складоўская-Кюры зaняла першае месца ў апытаньні, праведзеным часопісам "BBC History". Чытачоў выданьня спыталі, каго яны лічаць самай уплывовай жанчынай усіх часоў і народаў.
Польская вучоная, хімік і фізык Марыя Складоўская-Кюры названая самай уплывовай жанчынай у гісторыі. У сьпісе, прадстаўленым для галасаваньня чытачам ангельскага гістарычнага часопіса, найперш дзесяць гісторыкаў-жанчын выбралі сто прозьвішчаў прадстаўніц жаночага полу, якія аказалі вялікі ўплыў на гісторыю чалавецтва, а пазьней чытачы галасавалі, хто, на іхнюю думку, быў самай важнай жанчынай. На першае месца трапіла Складоўская-Кюры. У абгрунтраваньні вынікаў апытаньня напісана, што польская вучоная зьмяніла сьвет не адзін раз, а два разы, - адзначае прадстаўніца выданьня Шарлот Хотман.
Ш. Хотман: На маю думку, гэта вельмі цікавая ляўрэатка, якая аказала вялікі ўплыў на чалавецтва. Напрыклад, яе адкрыцьці дазваляюць на многа больш эфэктыўна лячыць ракавыя захворваньні. А гэтая праблема датычыць вялізнай колькасьці людзей да нашых часоў. Асобы, якія занялі першыя месцы ў нашым апытаньні, пасьвяцілі сваё жыцьцё такім вялікім ідэям. Усе яны сфармавалі сьвет, у якім мы сёньня жывем. Гэта тое, што іх аб’ядноўвае.
У першую пяцёрку ляўрэатаў уваходзяць таксама Роза Паркс, якая змагалася за роўныя правы прадстаўнікоў розных расаў у ЗША, суфражыстка Эмэлін Панкхэрст, матэматычка Ада Лаўлейс, якая лічыцца першай у гісторыі праграмісткай і Разалінд Франклін, якая адыграла вялікую ролю ў апісаньні структуры ДНК.
Марыя Складоўская-Кюры нарадзілася ў Варшаве ў 1867 годзе. Тады Польшча не існавала на мапе сьвету як незалежная дзяржава. Яна - адзіная жанчына, і ўвогуле адзіны навуковец, хто атрымаў дзьве Нобэлеўскія прэміі ў галіне дакладных навук – адну ў галіне хіміі, другую – фізыкі. Жанчына была вялікай патрыёткай сваёй айчыны, але, тым ня менш, была прымушаная выехаць з краіны, каб працягваць адукацыю. Удалося ёй гэта ў Францыі, якая стала для яе другой Айчынай. Тады было вельмі мала вышэйшых навучальных устаноў, дзе жанчыны маглі вучыцца, - гаворыць старшыня Таварыства Марыі Складоўскай-Кюры, аўтарка кніжак пра вучоную Малгажата Сабешчак-Марціняк (архіўны запіс).
М. Сабешчак-Марціняк: Увогуле ў Эўропе было вельмі мала ўнівэрсытэтаў, дзе жанчыны маглі вучыцца. Адной з такіх ВНУ была Сарбона ў Парыжы. У сувязі з гэтым, калі дзеўчыны з нашай часткі Эўропы хацелі рэалізаваць свае мары, то ім прыходзілася выязджаць за мяжу. І часта гэта былі дзеўчыны менавіта з Усходняй Эўропы – Польшчы, Украіны, Расеі, бо францужанкі, якія маглі вучыцца, ня вельмі імкнуліся атрымліваць вышэйшую адукацыю. Гэта парадокс – там жанчыны мелі магчымасьць быць самастойнымі, але насамрэч моцна залежылі ад мужа ў кожнай галіне жыцьця. Нават калі жанчына хацела працаваць, то муж павінен быў на гэта згадзіцца.
Пасьля заканчэньня навучаньня Марыя Складоўская-Кюры працавала над зьявай радыяактыўнасьці. І менавіта яна прыдумала дадзены тэрмін. Калі вучоная адкрыла новы элемэнт – палёній, яна назвала яго ў гонар сваёй Радзімы – Польшчы. Але палёній не такі славуты і не выкарыстоўваецца так шырока, як наступны элемэнт, які яна адкрыла – радый, - гаворыць Малгажата Сабешчак-Марціняк.
М. Сабешчак-Марціняк: Так, захаваліся нават успаміны пра выказваньне Марыі, у якім яна шкадавала, што крыху пасьпяшалася й першы элемэнт назвала палёніем у гонар Польшчы. Яна хацела падкрэсьліць, што краіна існуе, хаця б на табліцы Мендзялеева, нават тады, калі няма яе на мапе сьвету. У сваю чаргу, радый сапраўды пачалі выкарыстоўваць у мэдыцыне. Палёній вельмі хутка распадаецца, цяжка яго дасьледваць, а радый мае час паўраспаду намнога даўжэйшы. І аказалася, што ён лечыць ракавыя пухліны.
Вучоная працавала разам са сваім мужам П’ерам Кюры. Першую Нобэлеўскую прэмію яны атрымалі сумесна ў галіне фізыкі. Узнагарода была прызнаная за дасьледваньне зьявы радыяактыўнасьці. У сваю чаргу другая Нобэлеўская прэмія была прызнаная вучонай у галіне хіміі, паколькі датычыць дасьледваньняў хімічных элемэнтаў, іх уласьцівасьцяў.
У Варшаве працуе Музэй Марыі Складоўскай-Кюры, дзе можна ўбачыць, у якіх умовах працавала вучоная над дасьледваньнем радыя, паглядзець фільмы пра яе. Праўда, няма там рэчаў, з якімі працавала Марыя, паколькі яны выдзяляюць высокую радыяцыю, але ўся лябараторная тэхніка зроблена дакладна так, як выглядала 100 і больш гадоў таму. Наведаць музэй можна ў варшаўскім старым горадзе на вуліцы Фрэта, 16.
ІАР ПР/нг