У Катавіцах, горадзе на поўначы Польшчы, ствараецца гэтак званы Ўнівэрсытэт найлепшых. Установа ладзіцца з такой задумай, каб дазволіць разьвівацца, ісьці ў навуку самым здольным вучням.
Унівэрсытэт найлепшых – гэта новая ініцыятыва Сілескага Ўнівэрсытэту і гарадзкіх уладаў горада Катавіцэ. Праграма прызначаная для самых здольных школьнікаў, вучняў пачатковых школаў, а таксама ліцэяў, пражываючых на тэрыторыі Катавіцаў. Закончыўся ўжо набор на першы выпуск праекту. Падтрымку арганізатарам запэўніваюць мясцовы Палац Моладзі і псыхалягічна-пэдагагічная кансультацыя нумар 5 у Катавіцах.
У праграму запрашаюцца маладыя людзі, школьнікі, якія адзначаюцца надзвычайнымі здольнасьцямі, іх магчымасьці выходзяць далёка за рамкі стандартнай школьнай праграмы. Галоўным мэтадам працы з такімі вучнямі будзе індывідуальны падыход, іншы да кожнага з вучняў. Для кожнага з удзельнікаў будзе падрыхтаваная яго ўласная праграма навучаньня, – гаворыць прафэсар Рышард Казёлэк, прарэктар па пытаньнях навучаньня і студэнтаў Сілескага Ўнівэрсыстэту.
Р. Казёлэк: Гэтае супрацоўніцтва будзе з аднаго боку непасрэдным, асабістым, гэта значыць, гутаркі, дыскусіі на розныя тэмы, але з другога боку, мы разам будзем рыхтаваць праграму дадатковай адукацыі. Гаворка ідзе пра тое, каб вучань мог прысутнічаць як на занятках у сваёй школе, так і на нашых занятках ва ўнівэрсытэце. А заняткі тут, у нашай ВНУ, будуць зьвязаныя з яго зацікаўленьнем, хобі, з тым напрамкам, які ён хоча глыбей вывучаць неўзабаве, калі будзе атрымліваць вышэйшую адукацыю.
Праект павінен паказаць багатую адукацыйную прапанову Сілескага ўнівэрсытэту тым асобам, якія маглі б узбагаціць калісьці ў будучым польскую навуку. Магчыма, дзякуючы яму хтосьці з маладых «вундэркіндаў» застанецца вучыцца ў Катавіцах, а не адправіцца за мяжу, у падарожжа па сьвеце, шукаць для сябе лепшага жыцьця ў іншай краіне.
Гэта першая такога тыпу ініцыятыва ў Сілескім унівэрсытэце, якая павінна зацікавіць самых здольных вучняў яшчэ перад тым, як яны прыйдуць у ВНУ вучыцца, стануць студэнтамі. Гаворка ідзе пра найлепшых вучняў, ляўрэатаў і фіналістаў алімпіяд і прадметных конкурсаў.
На практыцы навучаньне ва «Унівэрсытэце найлепшых» будзе заключацца ў тым, што апякун кожнага вучня будзе дапамагаць яму ў пошуках індывідуальнага аптымальнага шляху разьвіцьця, у адкрыцьці і разьвіцьці таленту вучня. Кожны вучань будзе працаваць са сваім апекуном, – адзначае Марта Стыпа, вучаніца ІІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя ў Катавіцах, якая змагла паўдзельнічаць у пілятажнай праграме Сілескага ўнівэрсытэту.
М. Стыпа: Перш за ўсё трэба адзначыць індывідуальны падыход да кожнага вучня. Дзякуючы гэтаму мы маглі добра пазнаёміцца са структурай навучальнай установы, даведацца, як дзейнічае Сілескі ўнівэрсытэт, у чым заключаецца навучаньне, як яно выглядае. Мы маглі атрымаць гэтыя веды крыху раней, чым нашы равесьнікі. І маглі дзякуючы гэтаму лягчэй прыняць рашэньне пра напрамак далейшай адукацыі. Я выбрала матэматыку, магчыма, дзякуючы заняткам, на якія я хадзіла ў рамках праграмы. Так неяк атрымалася.
Унівэрсытэт найлепшых – гэта першая дадзенага тыпу адукацыйная праграма, падрыхтаваная з думкаю пра самых здольных вучняў, ляўрэатаў і фіналістаў алімпіяд. У праекце будзе ўдзельнічаць 30 чалавек, вучняў апошніх клясаў гімназій і пачатковых школаў, а таксама школьнікаў з ліцэяў, тэхнікумаў і вучылішчаў, за выключэньнем апошніх клясаў дадзеных навучальных устаноў. Набор на праграму ўжо адбыўся, а навучаньне пачнецца 1 кастрычніка, разам з пачаткам новага навучальнага году ў ВНУ. Праграма завершыцца адмысловай канфэрэнцыяй, якая падсумуе вынікі праекту.
IAR/нг