Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы дзейнічае мафійная схема легалізацыі прабываньня імігрантаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.06.2018 12:52
Кантралёры апошнім часам часьцей праводзяць праверку, але гэта і так кропля ў моры патрэбаў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Выданьне «Sieci» друкуе вялікі аналітычны артыкул, прысьвечаны небясьпечнай зьяве, якая назіраецца ў Польшчы. Гаворка ідзе пра працэдуру легалізацыі прабываньня іншаземцаў праз падстаўных асоб, фікцыйныя кампаніі. Гэтая працэдура даволі простая – адна са схем такая: фірма заяўляе ў адпаведным ведамстве запатрабаваньне на працаўніка, называе такія ўмовы, якія можа зьдзейсьніць толькі асоба з-за мяжы. Іншаземец атрымлівае права на прабываньне ў Польшчы. Яно, дарэчы, дзейснае тры гады, гэта больш, чым у іншых краінах Эўразьвязу. А з такім дазволам замежнік можа выехаць у любую дзяржаву ЭЗ.

Найбольш непакоіць тое, што сярод замежнікаў, якія легалізуюць сваё прабываньне ў Польшчы, шмат асоб з Індыі, Пакістану, Нэпалу, Іраку, Сырыі, Узбэкістану. Гэта людзі з цалкам іншай культурнай сфэры, якія ня хутка асымілююцца, а можа і ніколі ня прымуць польскай культуры і звычаяў.

Памежная варта ведае пра злачынную схему легалізацыі знаходжаньня іншаземцаў у Польшчы, якія дэкляруюць жаданьне працаваць, але на самой справе яны зацікаўленыя толькі ў атрыманьні права на прабываньне, а праца іх хутчэй не цікавіць. Кантралёры апошнім часам часьцей праводзяць праверку, але гэта і так кропля ў моры патрэбаў. Яны правяраюць ня больш, чым адну пятую фірмаў, якія займаюцца ўладкоўваньнем на працу іншаземцаў. Нельга забываць пра вялікую масу замежнікаў на польскім рынку працы. Кантралёры стараюцца пакропкава правяраць тыя кампаніі, якія ўладкоўваюць замежнікаў з Азіі, хаця больш за ўсё з-за мяжы прыяжджае ўкраінцаў, але яны як правіла сапраўды жадаюць працаваць.

Артыкул у выданьні «Sieci» не выклікае аптымізму. На самой справе польскія дзяржаўныя службы ня ведаюць да канца, каго ўпускаюць у краіну, даюць ім легальную магчымасьць прабываць у дзяржаве і падарожнічаць па ўсёй Эўропе, без якога-небудзь кантролю. Афіцыйна Польшча пасьпяхова адмаўляе прымаць уцекачоў у рамках квотаў, уведзеных Эўрапейскім Зьвязам. А насамрэч існуе шэрая зона, праз якую прыбываюць у краіну тысячы асоб, у тым ліку з гэтак званых краін павышанай рызыкі. Польшча стала брамай у Эўропу, але не ў такім значэньні, як хацела б большасьць палякаў.

Sieci/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт