Logo Polskiego Radia
Print

45 гадоў таму ў Польшчы пачалі вырабляць першы "аўтамабіль для мас"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.06.2018 14:58
Жыхары краіны пяшчотна празвалі яго “Maluch” (Малеча).
Fiat 126PFiat 126Pwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

У 70-80-ыя гады ў Беларусі людзі марылі пра аўтамабіль “Жыгулі” або “Масквіч”, а марай большасьці палякаў быў Fiat 126P. Роўна 45 гадоў таму, 6 чэрвеня 1973 году, з канвэера аўтазаводу сышоў першы аўтамабіль, якога жыхары Польшчы пяшчотна назвалі “Maluch” (Малеча).

Першая маленькая машына сышла з канвэера сапраўды 6 чэрвеня, але несупынная вытворчасьць пачалася толькі 22 ліпеня, у самае важнае сьвята Польскай Народнай Рэспублікі. Цягам некалькіх дзясяткаў гадоў гэтая машына дамінавала на польскіх дарогах. Цяпер маладому пакаленьню, якое прывыкла да вялікіх заходніх машын, нават цяжка сабе ўцяміць, як іх бацькі маглі аб’ехаць Польшчу ўздоўж ды ўпоперак на такім малым аўтамабілі, у якім няма нават саліднага багажніка. А тады людзі цешыліся, што ёсьць які-небудзь сродак перасоўваньня, які дае хаця б адносную незалежнасьць.

Першы Fiat 126P каштаваў 69 тыс. злотых. Гэта быў аўтамабіль для мас, «для Кавальскага», як назваў яго першы сакратар Польскай Аб’яднанай Рабочай Партыі Эдвард Герэк.

Каб купіць машыну, неабходна было адкладаць цягам дваццаці месяцаў сярэднюю зарплату – цалкам, да апошняй капейкі. Аднак трэба было атрымаць таксама адмысловы талён ад дзяржавы, паколькі на вольным рынку аўтамабіль каштаваў амаль у два разы больш. Пры яго праектаваньні выкарысталі самыя сучасныя на той час тэхнічныя рашэньні. Палякі вельмі ганарыліся машынай, якая сыходзіла з канвэераў у іх дзяржаве. Вось як прадстаўлялі Fiat 126P у кінахроніцы тых часоў:

Архіўны запіс кінахронікі: Першыя польскія машыны Fiat 126 P. Папулярны, сучасны малалітражны аўтамабіль, які пачынаюць вырабляць у Бельску-Бялай. У сотнях сем’яў праводзяць падлікі, ці машына пад сілу сямейнаму бюджэту. Каб ажыцьцявіць мары, банк ПКО прымае перадаплату на пакупку Fiat 126P.

Яшчэ перад тым, як першыя «малечы» паявіліся на польскіх дарогах, журналісты зрабілі апытаньне, якім павінен быць аўтамабіль для звычайнага паляка, для Кавальскага.

Хроніка: Яшчэ яго няма. А які ён павінен быць? Павінен быць прыгожы і хуткі, невялікі, але зграбны.

У ім павінны памясьціцца муж, жонка, двое дзяцей, сабака і цёшча.

Добра было б, каб у ім было нашмат болей месца на багаж.

Аўтамабіль выраблялі ў Польшчы па ліцэнзіі італьянскага заводу Fiat. Вытворчасьць была наладжана на аўтамабільным заводзе ў Бельску-Бялай на поўдні Польшчы. Апошнія машыны сышлі з канвэера ў 2000 годзе, але гэта былі ўжо іншыя ў тэхнічным пляне аўтамабілі, чым першыя Fiat 126P. Цягам шматлікіх гадоў канструктары ўвялі нямала зьменаў – агулам каля васьмісот. Яны датычылі практычна ўсіх кампанэнтаў машыны, а аўтарамі новаўвядзеньняў былі пераважна польскія інжынэры. Гэтая сучасная мадэль машыны, якую назвалі Fiat 126P Bis, выраблялася ў Польшчы, але была прызначаная на замежны рынак.

Кінахроніка: Fiat 126P Bis едзе ў Італію. Неабходна выплачваць крэдыты. Аднак, перад тым, як машыны выедуць на дарогу, турынскія спэцыялісты кантралююць іх якасьць. На пачатку было кепска. Здаралася, што прымалі толькі некалькі машын, а іншыя вярталіся ў Польшчу на дапрацоўку. Цяпер ужо лепш. 120 машын у дзень выяжджае за браму аўтазаводу. Калі б яны яшчэ былі для нас...

Вытворчасьць Fiat 126P спынілася ў 2000 годзе, усё радзей гэтую маленькую машынку можна сустрэць на польскай дарозе, часам стары экзэмпляр купляюць студэнты ў якасьці першага аўто. Тым ня менш, нядаўна палякі зноў пачулі пра малога фіята дзякуючы славутаму галівудзкаму актору Тому Хэнксу (Tom Hanks). Будучы ў падарожжы па Эўропе, дзе здымаў фільм у Будапэшце, ён натрапіў на зьезд аматараў «малюхаў». Яму так спадабалася машынка, што зрабіў сабе здымак на яе фоне. Ня думаў – не гадаў, як закончыцца гэтая прыгода. Фатаграфію ў інтэрнэце ўбачыла полька з Бельска-Бялэй Маніка Яскульска і вырашыла... падарыць Хэнксу машыну! Пачала зьбіраць сродкі на гэтую мэту сярод гараджан, але пазьней аказалася, што грошы на пакупку Fiata 126P ахвяраваў багаты гоншчык, прадпрымальнік і філянтроп Якуб Сонік. І сапраўды старанна адрэстаўраваны белы Fiat паляцеў у Лос-Анджэлес да Тома Хэнкса. Актор быў у захапленьні, казаў, што машына вельмі прыгожая. Сеў за стырно і паехаў.

Том Хэнкс: О, ён такі прыгожы! Ён мне вельмі падабаецца...

Здавалася б, навошта амэрыканскаму актору стары маленькі Fiat 126P? Што Хэнкс з ім зрабіў, невядома, але вядома, на якія мэты пайшлі грошы, сабраныя жыхарамі Бельска-Бялай. Яны былі прызначаныя на дзіцячы шпіталь. А для горада і агулам Польшчы гэта была цудоўная рэклямная кампанія.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт