Учора, 30 кастрычніка, маладыя лекары спынілі пратэст-галадоўку, што працягваўся ад 2 кастрычніка. Гэтак званыя лекары-рэзыдэнты патрабавалі павышэньня дзяржаўных выдаткаў на ахову здароўя ў Польшчы да 6,8% ВУП цягам трох гадоў, а таксама росту заробкаў для сябе да 1,05 сярэдняй па краіне, гэта значыць – 4696 зл ($1290). Афіцыйна сярэднямесячны заробак па Польшчы ў верасьні складаў 4473 зл (эквівалент у далярах складае $1228). Цяпер заробак лекараў-рэзыдэнтаў не перавышае паловы сярэдняй па краіне.
Галадоўка лекараў-рэзыдэнтаў працягвалася 29 дзён і за гэты час прынялі ў ёй удзел 200 маладых мэдыкаў у розных гарадах краіны. Мэдыкі расчараваныя стаўленьнем да іх уладаў і міністра аховы здароўя. Лідары пратэсту заявілі, што цяпер маладыя лекары будуць ажыцьцяўляць іншы від пратэсту. Яны адмаўляюцца ад кляўзулі opt-out, якая адхіляе абмежаваньні кодэксу працы па гадзінах і месцах працы.
„Такім чынам мы ня будзем больш працаваць па 400-500 гадзін у месяц… Праблемы з абсталяваньнем дзяжурстваў у шпіталях зьявяцца пад канец году”, - заявілі пратэстуючыя лекары.
Пратэст маладых лекараў падтрымалі іншыя мэдычныя прафэсіі, заробкі якіх таксама далёкія да сярэдняй у Польшчы. Апытаньне правяло агенцтва Сэдляк&Сэдляк.
Да прыкладу, сярэдні заробак мэдсястры брута - 2700 зл ($740). Найлепшы заробак у гэтай прафэсійнай групе – 3380 зл ($998) атрымлівае 25% мэдсёстраў, таксама 25% мэдсёстраў зарабляе менш чым 2300 зл ($630). Мэдсятра-загадчыца бальнічнага аддзяленьня зарабляе 4300 зл ($1180).
Сярэдняя зарплата акушэркі – 2820 зл ($774). 25 адсоткаў атрымлівае самы высокі заробак у гэтай прафэсіі – 3475 зл ($955), таксама 25 адсоткаў акушэрак зарабаляе менш чым 2300 ($630).
Сярэдні ў Польшчы заробак парамэдыка – 3000 зл ($824). Найлепшая зарплата ў гэтай прафэсіі перавышае 3800 зл ($1043), але столькі зарабляе толькі 25% парамэдыкаў, іншыя 25% - менш чым 2335 зл ($640).
Нешмат у Польшчы зарабляюць санітары – ад 1850 зл ($508) да 2150 зл ($590).
Усе заробкі ўказаныя перад адлічэньнем падатакаў і абавязковых сацыяльных узносаў.
Нагадаю, што паводле Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня сярэднямесячны заробак па Польшчы складае $1330.
Эфірны выпуск перадачы "Пульс польскай эканомікі" ў далучаным файле
яс