Logo Polskiego Radia
Print

Польская кіроўная партыя вырашыла „вырубіць мэраў”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 21.03.2017 14:57
Зьмены, якія прапануе „Права й справядлівасьць”, выклічуць сапраўдны землятрус у муніцыпалітэтах.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Кіроўная партыя „Права й справядлівасьць” плянуе абмежаваць да двух тэрмінаў паўнамоцтвы прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіраваньня. Паводле выданьня „Dziennik Gazeta Prawna”, гэта азначае, што на наступных выбарах балятавацца ня змогуць амаль дзьве траціны цяперашніх мэраў гарадоў, а таксама войтаў (кіраўнікоў выканаўчых уладаў тэрытарыяльных адзінак - гмінаў). Кіроўная партыя хоча, каб зьмены ўвайшлі ў сілу неадкладна.

„Да сэзону летніх адпачынкаў будуць падрыхтаваныя праекты зьменаў у палажэньні аб выбарах”, - сказаў у размове з выданьнем Гжэгаж Адам Возьняк (Grzegorz Adam Woźniak) з партыі „Права й справядлівасьць”. Да гэтай пары заявы кіроўнай партыі па гэтай справе не былі настолькі адназначнымі.

Паводле выданьня „Dziennik Gazeta Prawna”, прапанаваныя зьмены выклічуць сапраўдны землятрус у муніцыпалітэтах. На дадзены момант шанец на чарговы тэрмін паўнамоцтваў страціць каля 1 тыс. 600 мясцовых кіраўнікоў. На выбарах ня змогуць балятавацца, напрыклад, войты, якія кіравалі гмінамі з самага пачатку гісторыі муніцыпалітэтаў у Польшчы.

Паводле газэты, ёсьць падставы меркаваць, што некаторыя мэры й прэзыдэнты ў сувязі з гэтым будуць балятавацца на парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе.

Ад прапанаваных зьменаў пацерпіць перш за ўсё апазыцыйная „Грамадзянская плятформа”, прыхільнікі якой кіруюць у большасьці буйных гарадоў у Польшчы. Калі гаворка ідзе пра гмінныя ўлады, то прайграе Польская сялянская партыя, але пацерпіць і кіроўная партыя „Права і справядлівасьць”. Ажно 42 палітыкі ад „Права й справядлівасьці” ня змогуць чарговы раз балятавацца на муніцыпальных выбарах, паведамляе „Dziennik Gazeta Prawna”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт