Logo Polskiego Radia
Print

25 гадоў таму распалася “Імпэрыя зла”

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 08.12.2016 17:30
  • Імпэрыі зла.mp3
Не распалася, а яе “распалі”, і далёка ня “злосныя капіталісты”.
Foto: pixabay.com

Працэс быў запушчаны на самых вярхах тагачаснай савецкай намэнклятуры, якая правяла апэрацыю пра захоп ўлады ды ўласнасьці з рук камуністычнай партыі. Такое меркаваньне выказвае польскі дасьледчык перабудовы ды постсавецкай гісторыі краін з абшару былога СССР.

Савецкі Саюз праіснаваў 70 гадоў і распаўся з-за эканамічных праблем ды адасяродкавых тэндэнцый у рэспубліках. Такое пануе агульнае перакананьне што да галоўных прычын распаду тагачаснага Калоса. Аднак, ёсьць меркаваньне, што распад СССР заплянавалі тагачасныя кіроўныя вярхі ды сілавікі. Ішлося ў ім далёка не пра дэмакратыю. Так працэсы перабудовы тлумачыць у інтэрвію Польскаму радыё вядомы польскі дасьледчык Усходняй Эўропы доктар Ежы Таргальскі, які здаўна пад псэўданімам Юзаф Дарскі пісаў пра савецкую гісторыю ды постсавецкі абшар.

Мы запыталіся ў Ежы Таргальскага, ці ён зьмяніў свой погляд на тыя падзеі пасьля 25 гадоў. Як ён сёньня тлумачыць працэсы распаду СССР, ці быў у тых працэсах адзіны множнік?

Ежы Таргальскі: Безумоўна. Зразумела, што зьмены не маглі адбывацца аднолькава ва ўсіх рэспубліках. Форма залежала ад мясцовых умоваў, ад таго, якія кадры былі пад рукой у камуністаў, напрыклад, ці ім даводзілася ствараць апазыцыю, ці толькі праводзіць сэлекцыю. Канкрэтны варыянт залежаў ад сытуацыі ў кожнай рэспубліцы. Аднак, існаваў сцэнар агульны для ўсіх. Ён складваўся з шэрагу элемэнтаў. Па-першае, ліквідацыя камуністычнай партыі, ды ліквідацыя дыхатаміі ўлады, падзеленай паміж партыяй, якая была цэнтрам улады, ды дзяржаўнай адміністрацыяй. Улада павінна была перайсьці ад партыі да дзяржаўных структур. Тым самым быў рэалізаваны плян Бэрыі з 1953-га году, які лічыў, што трэба адсунуць партыю ад улады, бо яна была асноўным тормазам разьвіцьця.

На зьмену першым сакратарам меліся прыйсьці прэзыдэнты. У адрозьненьне ад першых сакратароў, прэзыдэнтаў выбіраюць. Выбары – гэта заўсёды канкурэнцыя. Навошта гэта было людзям, якія мелі некантраляваную ўладу?

Ежы Таргальскі: У зьвязку з гэтым было прынятае рашэньне, што трэба ўвесьці плюралізм. Спачатку ён меўся быць абмежаваным плюралізмам. Аднак, адразу зьявілася праблема, дзе ўзяць партнэра для плюралізму, калі даўно не было ніякай апазыцыі, бо ўся пагінула ў лягерах. Тагачасных апазыцыянэраў можна было зьмясьціць у адным пакоі, з адным выключэньнем - Польшчай.

У зьвязку з гэтым у Савецкім Саюзе зьявіўся праект стымуляваньня Народных франтоў. Яны павінны былі аб’яднаць як прадстаўнікоў партыі, так і апазыцыянэраў, а пасьля выбараў стаць партнэрам пры стварэньні кааліцыйнага ўраду. Гэта было патрэбна для атрыманьня падтрымкі з боку грамадзтва. Камуністычная партыя такой падтрымкі не здабыла б, таму трэба было паказаць іншыя тэмы ды людзей, якія б маглі мабілізаваць грамадзтва.

Так зьявіліся нацыянальныя лёзунгі, ідэі самастойнасьці рэспублік, кажа наш суразмоўца. Аднак, замест партнэраў Народныя франты няраз станавіліся супернікамі для тагачаснай улады?

Ежы Таргальскі: Плян зьмяняўся ў тракце рэалізацыі. Калі зьявіліся Народныя франты, пачалі стварацца й іншыя арганізацыі. Гэта нельга было забараніць, бо патрэбныя шырокія рэпрэсіі. Потым у саміх франтах пачалася барацьба паміж пасланьнікамі партыі ды КДБ і тымі, хто прыйшоў зь імі змагацца. Больш за тое, сытуацыяй вырашыў скарыстацца лякальны партыйны апарат. Яны захацелі самастойнасьці, а ня быць васалам Масквы. Першапачатковы плян прадугледжваў увядзеньне гэтак званага “хозрасчета”, або дэ факта пераходу прадпрыемстваў ва ўласнасьць дырэктарату. Потым гэта распаўсюдзілі на ўзровень рэспублік. Кожная рэспубліка павінна была сама гаспадарыць, станавілася ўласьнікам усяго, што знаходзілася на яе тэрыторыі й зарабляцьме на сваё ўтрыманьне. З цэнтрам рэспублікі зьвязвала б толькі даніна для Масквы на бясьпеку ды войска. Гэтая сыстэма спарадзіла два нечаканыя эфэкты.

Якія гэта былі эфэкты?

Ежы Таргальскі: Па-першае, збунтаваліся партыйныя кадры ў рэспубліках. Маўляў, навошта плаціць аброк у Маскву, калі можна быць незалежным ад цэнтра. Па-другое, у цэнтры пачалася барацьба за ўладу паміж групай Гарбачова ды Ельцына. Апошнія хацелі пайсьці далей, і ўжо тады бачылі сябе ўладальнікамі колішніх дзяржаўных прадпрыемстваў. Група Гарбачова хацела прыпыніць у пэўным моманце працэс прыватызацыі. Дайшло да таго, што адхіленьне Гарбачова ад улады запатрабавала ліквідацыю ягонай пасады – прэзыдэнта СССР. Найлепшым спосабам на ліквідацыю пасады стала ліквідацыя Савецкага Саюза. Таму Ельцын спачатку стварыў расейскую рэспубліку, і прывёў да таго, што тагачасны савецкі прэзыдэнт Гарбачоў застаўся безь нічога. Кожная рэспубліка мела свайго прэзыдэнта, старшыню, а Гарбачоў заставаўся такім прэзыдэнтам прэзыдэнтаў. Тады ўсе астатнія ўзялі ды выкінулі яго.

Разам з Гарбачовым са старонак гісторыі зьнік і Савецкі Саюз. “Імпэрыю зла” зьелі ягоныя ж прэтарыянцы – кіроўная намэнклятура ды сілавы апарат, якія меліся быць мозгам ды шчытом імпэрыі.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт