Парыж абразіўся на Варшаву, бо Польшча не купляе францускіх верталётаў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
07.10.2016 22:00
Францускія СМІ называюць рашэньне Польшчы «здрадай», «ударам нажом у сьпіну» й «прыніжэньнем Францыі».
Верталёт H225M Caracal вытворчасьці францускага канцэрну Airbus Helicopterscommons.wikimedia.org/Ziadsilva/CC BY-SA 3.0
Польшча адмаўляецца ад куплі шматмэтавых верталётаў францускай вытворчасьці Caracal, якія вырабляе канцэрн Airbus. Афіцыйная прычына – не ўдалося дамовіцца з вытворцам, неафіцыйная – няма грошай.
Тыднёвік «Wprost» паведамляе, што ў Парыжы рашэньне Варшавы выклікала занепакоенасьць. У польскую сталіцу зьбіраецца міністар абароны Францыі Жан-Іў Ле Дрыян (Jean-Yves Le Drian), каб пачуць ад улад Польшчы тлумачэньні наконт прычын зрыву кантракту. Пры гэтым францускі чыноўнік спадзяецца, што афіцыйная Варшава ўсё ж такі перагледзіць сваё рашэньне. Дарэчы, францускія камэнтатары называюць рашэньне Польшчы «здрадай», «ударам нажом у сьпіну» й «прыніжэньнем Францыі».
Зьдзіўленьня не павінна быць, паколькі палякі плянавалі прызначыць на пакупку шматмэтавых верталётаў ажно 13,5 млрд злотых (больш за 3 млрд 100 млн эўра). Згодна кантракту, мінімум столькі ж павінны былі заінвэставаць у Польшчы францускія фірмы ў рамках афсэтнай зьдзелкі. Але інвэстыцыі ішлі слаба, і таму польскія ўрад сарваў кантракт – гэта афіцыйнае тлумачэньне Варшавы. Польшча плянавала купіць 50 шматмэтавых верталётаў. Удзел у тэндэры прымалі італьянска-брытанскі канцэрн, амэрыканцы й французы. Выйгралі французы, але рэалізацыя кантракту спыненая. Цяпер увогуле не вядома, ці Польшча абʼявіць новы тэндэр, ці пакуль што ня будзе купляць шматмэтавых верталётаў для сваёй арміі, паведамляе тыднёвік «Wprost».
вс