Польшча згадзілася прыняць імігрантаў, але ПіС можа гэта зьмяніць
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
16.11.2015 11:34
Вітальд Вашчыкоўскі будзе заклікаць партнэраў з ЭЗ адмовіцца ад шкоднай палітыкі адкрытых дзьвярэй для імігрантаў.
Новы польскі ўрад абмяркоўвае абвастрэньне пазыцыі Польшчы па пытаньні разьмеркаваньня імігрантаў у Эўропе – паведамляе Rzeczpospolita. Кабінэт міністраў Эвы Копач, які аддае ўладу, згадзіўся прыняць у краіну тысячы ўцекачоў. Партыя Права і справядлівасьць, якая перамагла на выбарах, і раней крытыкавала гэтае рашэньне, а тэракты ў Францыі пацьвердзілі яе боязі.
Конрад Шыманьскі, які павінен стаць міністрам па эўрапейскіх пытаньнях, напісаў у сеціве, што пасьля трагічных падзей у Парыжы ён ня бачыць магчымасьці выканаць ранейшыя дамовы, а Польшча павінна захаваць поўны кантроль над сваімі межамі і над іміграцыйнай палітыкай.
Новы ўрад хацеў бы карыстацца правіламі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый падчас разгляду просьбаў аб прытулку, а не базіравацца на палітычных пагадненьнях лідараў ЭЗ. Справа ў тым, што правілы ААН, праўда, абавязваюць Польшчу разглядаць просьбы аб прадстаўленьні прытулку, але даюць таксама магчымасьць выдаваць адмоўны адказ. Калі польскія службы будуць мець нават найменшыя падазрэньні, што імігрант можа быць небясьпечны, то яго не ўпусьцяць у Польшчу. Але новы ўрад ня ведае, ці будзе мець магчымасьць карыстацца правіламі ААН, паколькі невядома, на што згадзіўся ўрад Эвы Копач.
Вітальд Вашчыкоўскі, якога ПіС прапануе на міністра замежных спраў, заявіў, што ён будзе заклікаць партнэраў з ЭЗ адмовіцца ад шкоднай палітыкі адкрытых дзьвярэй для імігрантаў. У Эўропу з пачатку году трапіла каля аднаго мільёна мусульман. Нават калі экстрэмісты складаюць невялікую частку, то гэта і так тысячы людзей.
Rzeczpospolita/нг