Забараніць паляваньні з дзецьмі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
17.03.2015 11:56
Нават вельмі малыя дзеці часта зьяўляюцца сьведкамі забіваньня, патрашэньня дзікіх жывёлаў, здыманьня шкуры.
Польскі прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі атрымаў пэтыцыю з просьбаю ўвесьці поўную забарону ўдзелу дзяцей у паляваньнях. Такая ж пэтыцыю ўнесена ва ўстанову абаронцы правоў дзяцей. Дакумэнт падпісалі ЮНІСЭФ, Камітэт аховы правоў дзяей, Фундацыя „Dzieci niczyje” ды іншыя ўстановы – піша
Polіtyka.
У польскіх законах назіраецца прабел. Яны забараняюць удзельнічаць дзецям у прамысловым забоі жывёлаў, але няма гаворкі пра паляваньні. Нават вельмі малыя дзеці часта зьяўляюцца сьведкамі забіваньня, патрашэньня дзікіх жывёлаў, здыманьня шкуры. Дзяцей бяруць, каб яны заганялі зьвяроў. Як правіла гэта дзеці паляўнічых. Падчас такіх акцый здараецца сьмерць дзяцей ад выпадковай кулі. На думку падпісантаў пэтыцыі, удзел дзяцей у паляваньнях, калі яны бачаць пакуты і сьмерці жывых істотаў, дрэнна ўплывае на псыхіку маладога чалавека. Праблема можа датычыць некалькіх дзясяткаў тысяч дзяцей у Польшчы.
Асноўны закон дзяржавы, а таксама канвэнцыя правоў дзяцей ААН гарантуе ўсім дзецям ахову ад насільля, эксплюатацыі і дэмаралізацыі. У лютым Сэйм пачаў працу над зьменамі ў законе аб паляваньнях. Але ў парлямэнце вельмі моцнае паляўнічае лёбі. Паводле словаў Зянона Кучыньскага з Працоўні на карысьць усіх істотаў, улады бяруць пад увагу перш за ўсё аргумэнты Польскага зьвязу паляўнічых, а прапановы іншых арганізацый адхіляюць. Але трэба прабаваць, каб спыніць традыцыю, калі сын пераймае паводзіны бацькі. Яго самога бацька браў на паляваньні ў дзяцінстве.
Аўтары пэтыцыі прапануюць, каб за парушэньне забароны ўдзелу дзяцей у паляваньнях было прадугледжана пакараньне да двух гадоў турэмнага зьняволеньня й пазбаўленьне сяброўства ў Польскім зьвязе паляўнічых.
Polіtyka/нг