Logo Polskiego Radia
Print

Расея хавае гібель наёмнікаў у Сырыі

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 08.02.2019 14:19
7 лютага 2018 года ў раёне горада Дэйр-эз-Зор загінула больш за сто расейскіх наёмнікаў.
Фота: Ssu.gov.ua

Служба бясьпекі Ўкраіны заяўляе, што Расея хавае інфармацыю пра гібель 57 наёмнікаў «Прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра» ў Сырыі.

Паводле даных СБУ, удзел расейскіх наёмнікаў у атацы на сілы сырыйскай апазыцыі ў лютым 2018 года «аплаціў расейскі бізнэсмэн і крамлёўскі кухар Яўгеній Прыгожын».

7 лютага 2018 года ў выніку атакі падчас перамір'я на сілы сырыйскай апазыцыі ў раёне горада Дэйр-эз-Зор загінула больш за сто расейскіх наёмнікаў, — паведамілі ў СБУ.

Спэцслужба таксама апублікавала пашпарты 57 расейцаў-членаў «Прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра», якіх зьнішчылі ў Сырыі.

Пры гэтым паведамляецца, што на сайце Галоўнага ўпраўленьня па пытаньнях міграцыі МУС РФ гэтыя пашпарты лічацца сапраўднымі.

У СБУ дадалі, што даныя пра сьмерць «вагнэраўцаў» падмацаваны сьведчаньнямі іх родных, фотаздымкамі месц пахаваньняў наёмнікаў.

Яўгеній Прыгожын — расейскі бізнэсмэн, набліжаны да прэзыдэнта Расеі. З-за шматлікіх заказаў на пастаўкі харчаваньня, якія атрымліваюць кампаніі Прыгожына, яго называюць «кухарам Пуціна».

Прыгожына зьвязваюць з арганізацыяй і фінансаваньнем так званай «фабрыкі інтэрнэт-троляў» і «Прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра», чыіх наёмнікаў фіксавалі ва Ўкраіне, Сырыі і іншых краінах.

Pravda.com.ua; Ssu.gov.ua/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт