У дзеючай канстытуцыі Ірляндыі існуе восьмая папраўка, якая прыраўноўвае права на жыцьцё жанчыны і яе ненароджанага дзіцяці.
Магчымасьць зьмяненьня канстытуцыі падтрымалі 68% удзельнікаў рэфэрэндуму. Супраць прагаласавалі 32%. У сталіцы краіны Дубліне “так” сказалі 77% удзельнікаў нацыянальнага апытаньня. Такія папярэднія вынікі экзыт-полаў.
Што цікава, калі ў 1983 годзе восьмая папраўка была ўведзена ў дзеяньне, то за абмежаваньне абортаў выказалася 67% чалавек, амаль столькі ж, колькі цяпер за лібэралізацыю.
Дублін, 25 траўня 2018 г. Жанчына ля ўчастку для галасаваньня. Фота: PAP/EPA
Цяпер Ірляндыя зьяўляецца краінай, дзе дзейнічае самае строгае ў Эўропе заканадаўства аб абортах. Аналягічныя законы прыняты ў Польшчы і на Мальце.
Тым ня менш, у традыцыйна каталіцкай і кансэрватыўнай Ірляндыі адбываюцца вельмі істотныя зрухі ў сьвядомасьці грамадзтва. У 1995 годзе на рэфэрэндуме зь перавагай усяго ў 50,3% галасоў былі легалізаваны разводы.
Ірляндыя паступова, але няўхільна рухаецца да прызнаньня асноўных правоў чалавека, якія дагэтуль былі абмежаваны. Так, напрыклад, яшчэ ў 2015 годзе 62% удзельнікаў рэфэрэндуму прагаласалі за легалізацыю аднаполых шлюбаў.
Прэм’ер-міністар Ірляндыі Леа Вардакар асабіста ўвасабляе кірунак пануючай грамадзкай думкі. Ён сын ірляндкі і індуса, адкрыты гей і адначасова лідар хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Fine Gael (“Племя ірляндцаў”). Лідар ураду Ірляндыі напісаў учора позна вечарам у твітары: “Дэмакратыя ў дзеяньні. Усё выглядае так, што заўтра мы зьменім курс гісторыі”.
Пасьля рэфэрэндуму можна будзе спыніць цяжарнасьць на працягу 12 тыдняў ад зачацьця, а пры існаваньні пагрозы жыцьцю і здароўю жанчыны дазволяць зрабіць аборт на працягу 24 тыдняў ад зачацьця, а ў выключных выпадках нават бяз тэрміну.
Праўда, свае прапановы ў заканадаўства зможа яшчэ прапанаваць парлямэнт, а ўвогуле канчатковыя рашэньні мусяць быць прыняты да канца гэтага году.
Pap.pl/вк