Былы ахоўнік з канцлягера „Аўшвіц” прысуджаны да 5 гадоў турмы
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
18.06.2016 09:27
Паводле суду, 94-гадовы былы эсэсавец дапамагаў у забойстве па меншай меры 170 тыс. зьняволеных.
Photo: PAP/EPA/BERND THISSEN / POOL
Суд у горадзе Дэтмольд прыгаварыў былога ахоўніка нацысцкага канцлягера „Аўшвіц-Біркенаў” Райнхальда Ханінга (Reinhold Hanning) да пяці гадоў пазбаўленьня волі.
94-гадовы былы эсэсавец быў прызнаны вінаватым у тым, што дапамагаў у забойстве па меншай меры 170 тыс. зьняволеных. Ханінг у 1943-44 гадах служыў у нацысцкім канцлягеры ў Асьвенціме.
Паводле пракурора, абвінавачаны ўнёс уклад у функцыянаваньне машыны сьмерці, якой быў канцлягер „Аўшвіц-Біркенаў”.
Пракуратура патрабавала шасьці гадоў турмы. Абарона патрабавала апраўданьня абвінавачанага, сьцьвярджаючы, што ён толькі выконваў загады.
Ханінг прызнаўся, што ён ведаў аб масавых забойствах, якія адбываліся ў лягеры, і сказаў, што ён шкадуе таго, што сталася. У той жа час ён запэўніў, што асабіста нікога не забіваў.
аз