Гарбачоў заклікае да аднаўленьня даверу паміж Расеяй і Захадам
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
22.07.2015 16:29
Былы прэзыдэнт Савецкага Саюза выказваецца за аднаўленьне адносін з ЗША й ЭЗ.
Міхаіл Гарбачоў заклікае да аднаўленьня даверу паміж Расеяй і Захадам. Паводле „Российской газеты”, былы прэзыдэнт Савецкага Саюза выказваецца на карысьць аднаўленьня адносін паміж Масквой, Вашынгтонам і Брусэлем.
Гарбачоў спасылаецца на нядаўнія заявы нямецкіх палітыкаў і прэзыдэнта ЗША Барака Абамы, якія, паводле яго, сьведчаць пра зьмякчэньне пазыцыі ў адносінах да Расеі.
„Цяпер нельга страціць магчымасьць для разьвіцьця гэтага працэсу такім чынам, каб мы маглі вярнуцца да ўзаемнага даверу”, - цытуе словы ляўрэата Нобэлеўскай прэміі „Российская газета”.
Міхаіл Гарбачоў заклікаў расейскіх палітыкаў прыслухоўвацца да голасу Захаду й выяўляць адказнасьць ды мудрасьць, якія дапамогуць аднавіць правільныя кантакты паміж Масквой і заходнімі партнэрамі.
„Нельга марнаваць час, вы павінны паменшыць гэты разрыў, які вырас паміж нашымі краінамі, народамі й культурамі”, - сказаў экс-прэзыдэнт Савецкага Саюза.
Некалькі месяцаў раней Міхаіл Гарбачоў заклікаў міжнародную грамадзкую думку прызнаць Крым часткай Расеі. Ён тлумачыў, што памылка была зьдзейсьнена падчас распаду савецкай дзяржавы. Менавіта тады, паводле Гарбачова, трэба было падрабязна вызначыць лёс паўвыспы.
аз