Logo Polskiego Radia
Print

Апазыцыя абяцае вярнуць малы памежны рух з Расеяй і ўвесьці зь Беларусьсю

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 04.05.2019 13:17
Пра гэта заявіў лідар "Грамадзянскай плятформы" на перадвыбарчай канвэнцыі.
Польска-беларуская мяжа зімою, кантрольна-сьледавая паласаПольска-беларуская мяжа зімою, кантрольна-сьледавая паласафота: Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі

Лідар апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Гжэгаж Схэтына заявіў пра неабходнасьць вярнуць малы памежны рух з Калінінградзкай вобласьцю. У Беластоку падчас рэгіянальнай канвэнцыі Грамадзянскай кааліцыі перад выбарамі ў Эўрапарлямэнт Схэтына казаў, што малы памежны рух павінен дзейнічаць таксама зь Беларусьсю.

Г. Схэтына: Наш урад дабіўся ўвядзеньня малога памежнага руху з Калінінградзкай вобласьцю. Гэты рух прыносіў польскім прадпрымальнікам, асабліва ў галіне турызму, сотні мільёнаў злотых у год. Актуальныя ўлады без прычыны, бессэнсоўна адмянілі рух. Я завяраю, што мы ня толькі вернем малы памежны рух з Расеяй, але таксама ўвядзем падобную дамоўленасьць зь Беларусьсю. Дзякуючы гэтаму карысьць атрымае ўсё Падляшша, мы гэта абяцаем.

Меркаваньнем Гжэгажа Схэтыны, Эўрапейская кааліцыя змагла б дабіцца на перамовах з прадстаўнікамі Эўрапейскага Зьвязу больш сродкаў для Польшчы, чым партыя «Права й справядлівасьць». Гэтыя грошы можна было б прызначыць на ахову здароўя або барацьбу з забруджаньнем паветра.

У склад Эўрапейскай кааліцыі ўваходзяць «Грамадзянская плятформа», Польская сялянская партыя, Саюз левых дэмакратычных сілаў і партыя Зялёных.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт