Унутры польскага ўраду няма згоды наконт нормаў чысьціні вугалю
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
27.08.2018 15:52
Прыхільнікі чыстага паветра змагаюцца зь міністрам энэргетыкі і вугальным лёбі.
www.pixabay.com/Jerzy Górecki/CC0 Creative Commons
Ва ўрадзе Польшчы нарастае канфлікт паміж прыхільнікамі барацьбы за чыстае паветра і вугальным лёбі – мяркуе «Gazeta Wyborcza». З аднаго боку міністар прадпрымальніцтва Ядвіга Эмілевіч і прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі, які абяцаў абвастрыць нормы чысьціні вугалю, а з другога – міністар энэргетыкі Кшыштаф Тхужэўскі, які прадстаўляе вуглездабываючыя кампаніі, што спрабуюць не дапусьціць да рэалізацыі пляну ўвядзеньня больш жорсткіх нормаў, якія абмяжуюць спальваньне вугалю кепскай якасьці.
У Польшчы шмат гаворыцца пра адмоўны ўплыў на здароўе жыхароў забруджанага паветра, г.зв. смогу. Асабліва бруднае паветра на поўдні краіны. Кіраўнік ураду абяцаў, што яшчэ ў гэтым годзе будуць уведзеныя новыя нормы чысьціні вугалю, а муніцыпальныя органы атрымаюць інструмэнты дзеля барацьбы са смогам. Цяпер прадстаўнікі муніцыпальных органаў раскладваюць рукі і кажуць, што з-за канфлікту ўнутры ўраду новыя нормы не пачнуць дзейнічаць, далей будзе смог.
Дарэчы, сам Маравецкі прызнаў, што ва ўрадзе ёсьць канфлікт, інакш праблему бачаць міністры прадпрымальніцтва, аховы здароўя ды аховы навакольнага асяродзьдзя, а зусім інакш да яе падыходзіць міністар энэргетыкі, які бароніць вуглездабываючую галіну.
Сёньня міністры прадпрымальніцтва, інвэстыцыі і разьвіцьця намераныя прадставіць першы ўрадавы даклад, прысьвечаны фінансавым і грамадзкім наступствам забруджанасьці паветра. У ім гаворыцца, між іншым, колькі чалавек заўчасна памерла ў выніку смогу і колькі сродкаў з-за гэтага страціў дзяржаўны бюджэт.
Gazeta Wyborcza/нг