Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве адбываюцца ўрачыстасьці да Дня Войска Польскага

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 15.08.2018 13:00
15 жніўня адзначаецца Дзень Войска Польскага — у гадавіну Варшаўскай бітвы 1920 года.
Варшава, 15 жніўня 2018 г. Анджэй Дуда ўскладае вянок да помніка Юзафу Пілсудскаму
Варшава, 15 жніўня 2018 г. Анджэй Дуда ўскладае вянок да помніка Юзафу Пілсудскаму Фота: PAP/Bartłomiej Zborowski

15 жніўня адзначаецца Дзень Войска Польскага — у гадавіну Варшаўскай бітвы 1920 года, вядомай як «Цуд на Вісьле». Тады польскія войскі абаранілі сталіцу краіны ад бальшавікоў і пачалі наступленьне на Савецкую Расею.

Міністар нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак абвясьціў, што да 2020 года, к 100-годзьдзю Варшаўскай бітвы, у вёсцы Осуве, дзе адбылася бітва, адкрыецца музэй, прысьвечаны гістарычнай падзеі.

Перад магілай Невядомага салдата ў Варшаве з удзелам прэзыдэнта Анджэя Дуды і кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны Марыюша Блашчака адбылася ўрачыстая зьмена ганаровай варты.

У пачатку цырымоніі вайсковы аркестар выканаў польскі нацыянальны гімн, пасьля чаго адбылася цырыманіяльная зьмена варты ля Магілы Невядомага салдата. Затым прэзыдэнт Анджэй Дуда ўсклаў вянок да Магілы. Апошнім акордам урачыстасьці стаў парад на плошчы Маршала Юзафа Пілсудскага.

Раней перад Прэзыдэнцкім палацам Анджэй Дуда ўрачыста перадаў адзінаццаці афіцэрам польскай арміі акты аб прызнаньні ім званьняў генэралаў і адміралаў.

Падчас цырымоніі ля Прэзыдэнцкага палаца Анджэй Дуда падкрэсьліў, што цяпер настаў асабліва важны час для польскай арміі, якую чакаюць рэформы і мадэрнізацыя.

З 13.00 да 15.00 паводле варшаўскага часу ў сталіцы Польшчы, па Вісластрадзе — трасе ўздоўж ракі Віслы — праходзіць Парад Незалежнасьці. У парадзе ўдзельнічаюць таксама войскі ЗША, Вялікабрытаніі, Харватыі і Румыніі.

IAR/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт